Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/219

Гэта старонка не была вычытаная

У гэты час ля варот заезджага двара пачуліся гучныя крыкі. Прычына іх была тая, што двое прыезджых, якія правялі ноч на заезджым двары, убачыўшы, што ўсе заклапочаны і ўсхваляваны, надумаліся пайсці, не заплаціўшы за начлег. Аднак гаспадар, сачыўшы з куды большай увагай за сваімі справамі, як за чужымі, затрымаў іх, калі яны выходзілі з варот, патрабуючы з іх плату за пастой і лаючы іх за несумленны намер такімі словамі, што прымусіў іх адказаць яму кулакамі. Яны ўзяліся за гэтую справу так старанна, што бедны гаспадар быў прымушаны закрычаць і прасіць паратунку. Гаспадыня і яе дачка не бачылі нікога незанятага, хто мог-бы ім памагчы, апрача Дон-Кіхота, і з гэтай прычыны гаспадарава дачка сказала яму:

— Памажыце, ваша міласць, сен’ёр рыцар, харобрасцю, дараванай вам, майму беднаму бацьку, якога двое злых людзей малоцяць, як сноп збожжа.

На гэта Дон-Кіхот вельмі спакойна адказаў:

— Прыгожая дзяўчына, ваша просьба не можа быць цяпер прынята пад увагу, бо мне забаронена кідацца ў новыя прыгоды, покуль я не давяду да канца адну, выканаць якую я абавязаўся даным мною словам. Але бяжыце і перадайце вашаму бацьку, каб ён вытрымаў гэтую бойку, наколькі мажліва, і ні ў якім выпадку не даваў сябе перамагчы, пакуль я не папрашу дазволу ў прынцэсы Мікаміконы памагчы яму ў яго цяжкім становішчы. Калі яна дасць мне гэты дазвол, будзьце ўпэўнены, што я выведу яго з бяды.

— Ах, грэшная я! — усклікнула Марыторнес, стаяўшая тут-жа. — Раней як ваша міласць атрымае дазвол, пра які вы говорыце, пан мой будзе ўжо на тым свеце.

— Дазвольце мне толькі, сен’ёра, атрымаць дазвол, пра які я кажу, — адказаў Дон-Кіхот, — а калі я яго атрымаю, не так важна, нават каб ваш пан і апынуўся на тым свеце, бо я і адтуль дастану яго, наперакор усяму свету, або, прынамсі, я так адпомшчу за вас тым, якія паслалі яго туды, што вы будзеце зусім задаволены.