Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/220

Гэта старонка не была вычытаная

Потым ён падышоў да Даратэі, паў перад ёю на калені і папрасіў у яе ў выразах рыцарскіх і адважных, ці не будзе мець ласку яе вялікасць даць яму дазвол памагчы і падтрымаць начальніка гэтай крэпасці, трапіўшага ў вялікую бяду. Прынцэса ахвотна дала яму дазвол і ён адразу-ж, надзеўшы шчыт на руку, узяўся за меч і паспяшыў да варот, дзе двое пастаяльцаў усё яшчэ білі гаспадара. Але як толькі Дон-Кіхот дайшоў туды, ён раптам спыніўся ў неразуменні, хаця Марыторнес і гаспадыня пыталіся, чаму ён не спяшаецца.

— Я не спяшаюся з той прычыны, — сказаў Дон-Кіхот, — што мне не дазволена падымаць меч супроць зброеноснага люда. Паклічце сюды майго зброеносца Санчо — яму падыходзіць гэтая абарона і помста.

Гэта адбывалася ля варот заезджага двара, дзе штуршкі і кулачныя ўдары так і сыпаліся на гаспадара двара к найвялікшаму гневу Марыторнес, гаспадыні і яе дачкі, прышоўшых у роспач, убачыўшы баязлівасць Дон-Кіхота.

Але адыйдзем на пяцьдзесят крокаў назад паслухаць, што адказаў дон Люіс суддзю, калі той адвёў яго ў бок. Юнак схапіў яго рукі і моцна сціснуў, нібыта ў адзнаку таго, што моцнае гора цісне яму сэрца, і, праліваючы слёзы, сказаў:

— Сен’ёр мой, я магу сказаць толькі адно, з той хвіліны, калі я ўбачыў сен’ёру дон’ю Клару, яна зрабілася ўладаркай над маёй воляй, і калі ваша воля, бацька і сен’ёр мой, не працівіцца таму, сёння-ж яна зробіцца маёй жонкай. Для яе пакінуў я дом бацькі майго, для яе апрануў я гэтую вопратку, каб ісці за ёю ўсюды, як страла накіроўваецца да сваёй мэты…

Суддзя быў здзіўлены і замяшаны, не ведаючы, што яму зрабіць у такіх нечаканых для яго абставінах. З гэтай прычыны ён нічога другога не адказаў, як толькі прасіў яго заспакоіцца і пераканаць сваіх слуг не везці яго сёння, каб мець час добра абмеркаваць, што лепш за ўсё зрабіць. Дон Люіс, хаця і не хацеў гэтага суддзя, пацалаваў яму рукі і нават змачыў іх слязмі, што магло-б растапіць і мармуравае сэрца, а не толькі сэрца суддзі.