Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/224

Гэта старонка не была вычытаная

сядло, і калі яно не падыйдзе, як вылітае, няхай я буду падлюгай на ўсё жыццё. І яшчэ вось што: у той-жа самы дзень, калі ў мяне адабралі ўюк, у мяне адабралі таксама новы мядзяны таз, ні разу не быўшы ў рабоце і які каштаваў добрых поўчырвонца.

Тут Дон-Кіхот не мог далей стрымацца. Стаўшы між Санчо Панса і цырульнікам, ён палажыў сядло на зямлю, каб усе маглі яго бачыць, і сказаў:

— Усе вы бачыце безумоўную памылку, у якой апынуўся гэты добры зброеносец. Ён называе тазам тое, што было, ёсць і будзе шлёмам Мамбрыно, які я ў яго адабраў у сумленнай бойцы. Што-ж тычыцца ўючнага сядла, магу сказаць, што мой зброеносец Санчо папрасіў у мяне дазволу зняць збрую з каня пераможанага гэтага баязліўца і ўпрыгожыць ёю свайго каня. Я даў яму дазвол і ён узяў збрую. Што-ж тычыцца таго, што збруя ператварылася ва ўючнае сядло, не магу знайсці іншай прычыны, апрача звычайнай: такога сорту ператварэнні часта здараюцца ў справах рыцарства… А для пацвярджэння сказанага, бяжы, Санчо, і прынясі сюды шлём, які добры гэты чалавек лічыць тазам.

— Дальбог, сен’ёр, — сказаў Санчо, — калі ў вас няма іншага доказу нашай думкі, як таго, на які паказвае ваша міласць, дык шлём Маліны[1], — такі-ж таз, як і збруя гэтага добрага чалавека — уючнае сядло.

— Рабі тое, што я табе загадваю, — адказаў Дон-Кіхот, — не ўсе-ж рэчы ў гэтым замку знаходзяцца ва ўладзе чараўніцтва!

Санчо прынёс таз, і як толькі Дон-Кіхот яго ўбачыў, ён узяў таз у рукі і сказаў:

— Паглядзіце, з якімі вачыма мог гэты зброеносец запэўніваць, нібыта гэта вось — таз для галення, а не шлём, як я казаў. Клянуся рыцарскім ордэнам, да якога належу, гэта той самы шлём, які я ў яго адабраў, і я нічога не дадаваў і не адкідаў.

  1. Санчо гаворыць „Маліна“ замест „Мамбрыно“.