Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/226

Гэта старонка не была вычытаная

— Зусім правільна, — сказаў поп, які ўжо зразумеў намер свайго прыяцеля-цырульніка. Тое-ж самае пацвердзілі і Кардэніё, дон Фернандо і яго таварышы; і нават суддзя, калі-б справа з донам Люісам не прымусіла яго так глыбока задумацца, з свайго боку падтрымаў-бы гэты жарт.

— Памажы мне, божухна! — усклікнуў абдураны цырульнік. — Ці мажліва, каб столькі шаноўных людзей сцвярджала, што гэта не таз, а шлём?! Ну, добра, калі вось гэты таз — шлём, уючнае сядло таксама павінна быць конскай збруяй, як сказаў гэты сен’ёр.

— Мне яно здзецца ўючным сядлом, — сказаў рыцар.

— Уючнае гэта сядло або конская збруя, — заявіў поп, — гэтае пытанне мы перададзім вырашыць Дон-Кіхоту, бо ў рыцарскіх справах мы павінны даць яму пальму першынства.

— Клянуся богам, сен’ёры мае, — сказаў Дон-Кіхот, — якія дзіўныя рэчы здарыліся са мной у гэтым замку абодва разы, калі я тут спыніўся! Я думаю, што ўсё, што адбылося тут, робіцца шляхам чараўніцтва. У першы раз зачараваны маўр, які быў тут, вельмі непакоіў мяне, і Санчо таксама трапіла нямала ад некаторых з яго світы. Сёння ўначы я амаль дзве гадзіны правісеў на гэтай руцэ, не разумеючы, як і якім чынам я трапіў у такую бяду. З гэтай прычыны ўмешвацца ў такую цяжкую справу і выказаць пра яе сваю думку азначала-б падупадаць пад небяспеку выказаць неразважлівае меркаванне. Адносна таго, уючнае гэта сядло або конская збруя, я не адважваюся выказаць канчаткова думку, але пакладаюся на разважнасць міласцей вашых. Мажліва, з той прычыны, што вы не пасвечаны ў рыцары, як я пасвечаны, чараўніцтва гэтага замка не зачэпіць вас.

— Няма сумнення, — адказаў на гэта дон Фернандо, — сен’ёр Дон-Кіхот цяпер вельмі добра сказаў, што рашэнне гэтага пытання належыць нам. Каб усё гэта было больш грунтоўна, я адбяру тайна галасы гэтых сен’ёраў, а пра тое, што выйдзе з гэтага, дам поўны і яскравы адказ.

Для ўсіх знаёмых з дзівацтвамі Дон-Кіхота ўсё гэта здалося ў вышэйшай ступені смешным. Тыя-ж, якім нічога не