Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/230

Гэта старонка не была вычытаная

адхіліліся ад сваркі, бо добра разумелі, што, які-б ні быў канец бойкі, усё-адно ў пройгрышы асталіся-б яны.

Але адзін з куадрыльеро (той самы, якого таптаў і біў дон Фернандо) успомніў, што ў ліку загадаў пра арышт некаторых злачынцаў, якія ён меў з сабой, быў таксама загад пра Дон-Кіхота, якого святая Эрмандад загадвала арыштаваць за тое, што ён вызваліў галерных нявольнікаў. Успомніўшы пра загад, куадрыльеро захацеў пераканацца, ці падыходзяць прыкметы да Дон-Кіхота. Выняўшы з-за пазухі пергаментны скрутак, ён знайшоў у ім тое, што шукаў. Пачаўшы павольна чытаць яго, — бо ён быў не вельмі граматным, — пры кожным слове, якое чытаў, ён глядзеў на Дон-Кіхота, і, параўноўваючы прыкметы загада з выглядам рыцара, упэўніўся, што, безумоўна, папера мае дачыненне менавіта да Дон-Кіхота. Згарнуўшы пергамент, узяўшы ў левую руку загад, а правай схапіўшы за кіршэнь Дон-Кіхота з такой сілай, што той ледзь мог дыхаць, куадрыльеро гучна закрычаў:

— На дапамогу, у імя святой Эрмандад! І каб вы бачылі, што я не жартую, прачытайце загад, у якім пішацца арыштаваць гэтага разбойніка на вялікіх дарогах.

Поп узяў загад і пераканаўся, што куадрыльеро гаворыць праўду і што прыкметы падыходзяць да Дон-Кіхота. Той, убачыўшы, як дрэнна абыходзіцца з ім гэты подлы нягоднік, успыхнуў страшэнным гневам і з усяе сілы абодвума рукамі схапіў куадрыльеро за горла так, што калі-б таварышы таго не паспелі да яго на помач, ён развітаўся-б з жыццём. Гаспадар, які быў абавязаны садзейнічаць сваім таварышам па службе, адразу кінуўся да іх на помач. Гаспадыня, убачыўшы, што яе муж зноў палез у сварку, пачала зноў крычаць. Ёй дапамагала яе дачка і Марыторнес, просячы помачы ў неба і ва ўсіх, хто там быў. Санчо, гледзячы на тое, што адбываецца, сказаў:

— Клянуся богам, праўда тое, што пан мой гаворыць пра чараўніцтва ў гэтым замку, бо нельга пражыць у ім і гадзіны спакойна.

Дон Фернандо разняў куадрыльеро і Дон-Кіхота і, да