Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/232

Гэта старонка не была вычытаная

з сабой, ім адразу-ж давядзецца яго выпусціць, як вар’ята. Куадрыльеро, меўшы загад аб арышце, супярэчыў, кажучы, што меркаваць пра вар’яцтва Дон-Кіхота не яго справа, ён абавязаны выканаць толькі загад свайго начальніка.

— Тым не менш, — настойваў поп, — на гэты раз вы не павінны яго браць, і ён не дасць сябе ўзяць, паколькі я яго ведаю.

Адным словам, поп змог столькі нагаварыць ім, а Дон-Кіхот змог столькі нарабіць шаленстваў, што куадрыльеросы былі-б большымі вар’ятамі, як ён, калі-б не зразумелі, чаго нехапае Дон-Кіхоту. Такім чынам, яны палічылі за лепшае пакінуць яго ў спакоі і нават згадзіліся быць пасярэднікамі ў прымірэнні цырульніка і Санчо Панса, якія ўсё яшчэ з вялікім запалам працягвалі сваю сварку.

У якасці служак правасуддзя, куадрыльеросы ўладзілі справу трацейскім судом, і абодва бакі, калі не зусім, то, прынамсі, у тым-другім былі задаволены, бо яны памяняліся ўючнымі сёдламі. Што-ж тычыцца шлёма Мамбрыно, поп непрыкметна, так, каб Дон-Кіхот не ведаў, заплаціў цырульніку за яго таз восем рэалаў, і той даў яму распіску з абавязкам больш таз не патрабаваць.

Гаспадар заезджага двара, заўважыўшы, што цырульнік атрымаў узнагароду ад папа, падаў яму рахунак Дон-Кіхота, патрабуючы таксама платы за падраныя бурдзюкі і праліае віно; пры гэтым ён кляўся, што не выпусціць з заезджага двара ні Расінантэ, ні асла Санчо да таго часу, пакуль не атрымае па рахунку да апошняга граша.

Заспакоіў усіх поп, а заплаціў за ўсё дон Фернандо. Такім чынам усе асталіся задаволенымі, і заезджы двор не нагадваў ужо сабою лагера бойкі.

Калі Дон-Кіхот убачыў, што ён ужо вольны і пазбаўлены ад столькіх сварак, як уласных, так і свайго зброеносца, ён падумаў, што цяпер добра было-б працягваць пачатае падарожжа і давесці да канца вялікую прыгоду, зрабіць якую ён быў закліканы.

Ён з шпаркай рашучасцю апусціўся на калені перад Даратэяй і сказаў: