Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/236

Гэта старонка не была вычытаная
РАЗДЗЕЛ XXXV
Пра дзіўны спосаб, якім Дон-Кіхот быў зачараваны і пра іншыя дзівосныя падзеі

Калі Дон-Кіхот убачыў, што ён пасаджаны ў клетку, а клетка пастаўлена на воз, ён сказаў:

— Многа гісторый прачытаў я пра вандроўных рыцараў, але ніколі не чытаў, не бачыў, не чуў, каб зачараваных рыцараў вазілі такім чынам і з такой павольнасцю, як гэта можна чакаць ад ляных і нязграбных валоў. Але можа рыцарства і чараўніцтва нашых дзён ідуць іншым шляхам, як у былыя часы. Можа нядаўна вынайшлі новае чараўніцтва і іншыя спосабы вазіць зачараваных. Што ты пра гэта думаеш, Санчо?

— Не ведаю, што мне думаць пра гэта, — адказаў Санчо, — бо я не так начытаны, як ваша міласць, у вандроўных пісаннях. Тым не менш, я гатоў паклясціся, што ўсе гэтыя здані, якія круцяцца вакол нас, не вельмі добрыя каталікі.

Усю гэтую гутарку слуга і пан вялі між сабой. Дон Фернандо і Кардэніё, баючыся, каб Санчо не адкрыў іхняй выдумкі, парашылі паспяшыць з ад’ездам. Адклікаўшы ў бок гаспадара заезджага двара, яны загадалі яму асядлаць Расінантэ і асла Санчо, што гаспадар вельмі шпарка і выканаў.

Поп дамовіўся з куадрыльеросамі, каб тыя суправаджалі іх да сяла за вядомую плату. Кардэніё павесіў да сядла Расінантэ з аднаго боку лук і шчыт, з другога — таз і загадаў Санчо сесці на асла і ўзяць за аброць Расінантэ. Па абодвух-жа баках воза ён паставіў куадрыльеросаў са стрэльбамі. Але раней як працэсія паехала, вышла гаспадыня заезджага двара, яе дачка і Марыторнес, каб развітацца з Дон-Кіхотам, робячы выгляд, што яны плачуць з гора ад яго няшчасця, Дон-Кіхот сказаў ім:

— Не плачце, добрыя мае сен’ёры: пад такога сорту няшчасці падупадаюць усе рыцары, выконваючыя прызначэнне, якое выконваю я; калі-б гатая бяда не здарылася са мной, я не лічыў-бы сябе славутым вандроўным рыцарам.