Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/245

Гэта старонка не была вычытаная

— Даю слова, — адказаў Дон-Кіхот, які ўсё гэта чуў. — Той, хто, як я, зачараваны, не мае мажлівасці распараджацца сваім лёсам, як хоча, а раз гэта так, вы можаце спакойна выпусціць мяне, тым больш, што гэта пойдзе ўсім на карысць, бо, калі мяне не выпусцяць, я ўголас абвяшчаю, што не магу стрымацца, каб не зняважыць ваш нюх, хіба толькі вы далей адыйдзеце.

Канонік узяў яго за руку, хаця абедзве яны яшчэ былі звязаны, і, узяўшы ў яго рыцарскае слова, яны выпусцілі яго з клеткі, чаму ён вельмі ўзрадаваўся. Першае, што ён зрабіў, было пацягнуцца ўсім целам, а потым ён пайшоў туды, дзе стаяў Расінантэ, і, хлопнуўшы яго далоняй разы два па баках, сказаў:

— Я яшчэ спадзяюся, мой конь, што мы хутка ўбачымся з табой, як абодва мы таго хочам, ты — несучы свайго пана на сваёй спіне, а я — вярхом на табе, выконваючы той абавязак, для якога бог паслаў мяне на свет!

Потым Дон-Кіхот адышоў з Санчо ў бок, у захаваную мясцінку, і вярнуўся адтуль вельмі лёгкім і з больш моцным жаданнем ажыццявіць тое, што яму раіў зброеносец. Канонік глядзеў на яго і здзіўляўся дзіўнаму яго вар’яцтву. У сваіх запытаннях і адказах Дон-Кіхот выказваў самы цвярозы розум, і толькі тады, калі гутарка заходзіла аб рыцарстве, ён, як ужо было сказана, губляў лейцы. Пасля таго, як усе селі на зялёную траву, чакаючы прадуктаў, канонік сказаў Дон-Кіхоту:

— Ці мажліва, сен’ёр ідальго, што чытанне пустых і нікчэмных рыцарскіх кніг так вамі авалодала, што перавярнула ў вас розум, і вы здольны верыць, нібыта вы зачараваны, і розным іншым рэчам, так-жа далёкім ад ісціны, як хлусня далёка ад таго, каб быць праўдай? І няўжо мажліва, каб знайшоўся такі чалавечы розум, які ўявіў-бы сабе, што на свеце сапраўды існавала бязлікая колькасць рыцараў, усе гэтыя трапезундскія імператары, гэтыя коннікі, гэтыя вандроўныя дзяўчаты, гэтыя змеі, драконы, волаты, усе гэтыя нечуваныя прыгоды, ачараванні, жудасныя бойкі, дзівосныя