Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/247

Гэта старонка не была вычытаная

надзелены такімі вартасцямі і такім светлым розумам, як ваша міласць, паверыў, што ўсе гэтыя дзівосныя недарэчнасці, пра якія апавядаецца ў бяссэнсавых рыцарскіх кнігах, — сапраўдныя здарэнні.


РАЗДЗЕЛ XXXVII
Пра дасціпную спрэчку Дон-Кіхота з канонікам, пра надзвычайную прыгоду з самабічавальнікамі і пра зварот рыцара дадому

Добра, — адказаў Дон-Кіхот. — Кнігі, якія з асалодаю чытаюць і якімі захапляюцца вялікія і малыя, бедныя і багатыя, вучоныя і невукі, просты народ і людзі знатнага паходжання, гэтыя кнігі, па-вашаму, хлусня?! Маўчыце, міласць ваша, не гаварыце падобнай хулы! Прачытайце тыя кнігі, і вы пераканаецеся, якое задавальненне дасць вам іх чытанне. Скажыце мне, ці ёсць большая асалода, як убачыць, скажам да прыкладу, тут зараз раскінутае перад нашымі вачыма вялікае возера смалы, і бурліць яно белым ключом, а ў смале плавае, перасякаючы адзін аднаму дарогу, многа вужоў, вужак, яшчарак і іншых жывёл усіх радоў, страшэнных і злосных. З возера падымаецца глыбока-журботны голас і ён гаворыць: „Хто-б ты ні быў, рыцар, ты, які глядзіш на страшэннае возера, калі хочаш дасягнуць шчасця, схаванага пад гэтай чорнай вадой, пакажы мужнасць твайго харобрага сэрца і кінься ў сярэдзіну чорнай і палаючай вадкасці“.

І толькі рыцар пачуе гэты голас, ён, не думаючы і не разважаючы пра небяспеку, у якую трапляе, нават не вызваліўшыся ад цяжкай сваёй зброі, даручыўшы сябе богу і сваёй сен’ёры, кідаецца ў глыбіню палаючага возера. І калі ён менш за ўсё чакае гэтага, ён апыняецца сярод квітнеючых палёў. Тут яму здаецца, што і неба больш празрыстае, і сонца ззяе новым блескам. Яго вочы бачаць прыгожы гай з зялёных, з густым лісцем дрэў, іхняя зеляніна радуе вочы, а слых песціць салодкім спевам маленькіх бязлікіх пярэстых птушак, пырхаючых на пераплеценых галінах