Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/248

Гэта старонка не была вычытаная

дрэў. Тут ён бачыць ручай, летняя вада якога здаецца яму вадкім крышталем і бяжыць па тонкім жвіры і белых каменьчыках, падобных на прасеянае скрозь сіта золата і чыстыя перлы. Там ён бачыць фантан мастацкай работы з каляровай яшмы і паліраванага мармуру, а далей заўважае другі, складзены нібы з дробных вустрычных чарапашак і вітых хацінак слімакоў. Далей нечакана адкрываецца перад ім умацаваны замак або дзіўны палац, сцены якога з кованага золата, зубцы на сценах — з брыльянтаў, вароты — з гіяцынтаў. Ён так дзівосна пабудаваны, што хаця матэрыял, з якога ён зроблены, не больш не менш, як дыяманты, карбункулы, рубіны, перлы, золата і ізмуруд, але мастацкасць работы больш каштуе за матэрыял.

Наглядзеўшыся на ўсё гэта, ці можа на больш прыгожае відовішча, ён бачыць карагод маладых дзяўчат, выходзячых з варот замка ў такіх раскошных і яркіх уборах, што калі-б я пачаў іх апісваць, як гэта робіцца ў рыцарскіх гісторыях, я-б ніколі не скончыў! Потым тая, якая здаецца самай знатнай з усіх, бярэ за руку адважнага рыцара, які кінуўся ў палаючае возера, і, не кажучы ні слова, вядзе яго ў раскошны замак або палац, дзе яго распранаюць дагала, купаюць у цёплай вадзе, адразу-ж націраюць усяго пахучымі мазямі і надзяюць на яго сарочку з тонкага шоўку, душыстую і пахучую. Другая знатная дзяўчына падыходзіць да яго і накідвае на плечы мантыю, якая каштуе цэлы горад і нават больш таго. І што можа быць прыгажэйшае, калі, як нам расказваюць, пасля ўсяго гэтага яго вядуць у другую залу, дзе ён бачыць сталы, накрытыя з такім густам, што ён здзіўлены і ашаломлены? А калі яму льюць на рукі ваду, перагнаную з пахучых кветак, і садзяць яго ў крэсла з слановай касці? А калі ўсе маладыя дзяўчаты служаць яму, хаваючы дзівосную маўклівасць, і падаюць яму такія рознастайныя і так смачна прыгатаваныя стравы, што ён не ведае, да якога з іх працягнуць руку? А потым якое задавальненне слухаць музыку, покуль ён есць, не ведаючы, хто грае і адкуль чуюцца гукі!