Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/249

Гэта старонка не была вычытаная

Нарэшце, калі абед скончаны, са стала прыбрана, і рыцар сядзіць, прыхіліўшыся да спінкі крэсла, можа чысцячы зубы, як гэта ў звычаі, раптам у залу ўваходзіць яшчэ адна маладая дзяўчына, прыгажэйшая за ўсіх астатніх; яна сядае поплеч з рыцарам і пачынае апавядаць яму, што гэта за замак, як яна у ім зачаравана, і яшчэ іншыя рэчы, якія прыводзяць рыцара ў здзіўленне, а чытача яго гісторыі ў ашаламленне. Не хачу далей казаць пра гэта, бо і з сказанага можна зрабіць заключэнне, што якое-б там ні было месца, якой-бы там ні была гісторыя вандроўнага рыцара, яна павінна абудзіць задавальненне і здзіўленне ў кожнага чытача.

Пра сябе магу сказаць: з таго часу, як я — вандроўны рыцар, я адважны, ветлівы, шчодры, добра выхаваны, велікадушны, цярплівы і лёгка перажываю труднасці, заняволенне, зачараванне. Хаця я яшчэ так нядаўна сядзеў запёрты ў клетцы, як вар’ят, тым не менш, спадзяюся харобрасцю рукі маёй праз невялікі час зрабіцца каралём якога-небудзь каралеўства, дзе мне можна будзе выявіць спачуванне і шчодрасць, якія сэрца маё мае ў сабе. Я-б хацеў, каб лёс падаслаў мне хутчэй выпадак зрабіцца імператарам і я меў-бы мажлівасць выказаць мае пачуцці, робячы дабро маім сябрам, асабліва гэтаму беднаму Санчо Панса, майму зброеносцу, які лепшы з усіх людзей на свеце. Я хацеў-бы даць яму графства, як я гэта ўжо даўно абяцаў, толькі я баюся, што ў яго нехопіць умельства кіраваць сваімі валоданнямі.

Як толькі Санчо пачуў апошнія словы свайго пана, ён усклікнуў:

— Старайцеся ўсімі сіламі, міласць ваша, сен’ёр Дон-Кіхот, здабыць мне гэтае графства, якога я так даўно чакаю! Я вам абяцаю, што ў мяне хопіць умельства кіраваць ім. Калі-ж яго ў мяне нехапіла-б, то, як я чуў, на свеце ёсць такія людзі, якія бяруць у арэнду валоданні сен’ёраў і плоцяць ім пэўную суму ў год і самі ўжо клапоцяцца пра кіраўніцтва, а сен’ёры жывуць сабе прыпяваючы і тра-