Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/254

Гэта старонка не была вычытаная

душы пасмяяўшыся з прастаты Санчо Панса, яны пасадзілі Дон-Кіхота на воз. Працэсія выстраілася зноў і рушыла далей. Куадрыльеросы адмовіліся ісці далей, і поп заплаціў ім тое, што было ўмоўлена. Канонік папрасіў папа паведаміць яму, што здарыцца з Дон-Кіхотам, пасля чаго ён развітаўся з папом і паехаў у свой бок. Усе развіталіся, і кожны накіраваўся сваёй дарогай, пакінуўшы папа і цырульніка адных з Дон-Кіхотам, Санчо Панса і добрым Расінантэ, які ва ўсім, што яму давялося перажыць, выказаў столькі-ж цярплівасці, як і яго пан.

Возчык запрог сваіх валоў, пасадзіў Дон-Кіхота на ношку сена і са звычайнай павольнасцю паехаў па дарозе, якую яму паказваў поп.

Праз шэсць дзён яны даехалі да вёскі рыцара, куды прыехалі ў поўдзень, ды яшчэ ў нядзелю, калі ўвесь народ быў на пляцы, цераз які і праехаў воз з Дон-Кіхотам. Усе збегліся паглядзець, што такое на вазу, але калі яны апазналі свайго земляка, то вельмі здзівіліся, а адзін хлапчук кінуўся з усіх ног да ахмістрыні і пляменніцы паведаміць, што іхні дзядзька і пан едзе худы і жоўты, расцягнуўшыся на ношцы сена на вазу, запрэжаным валамі.

Было жаласна слухаць крыкі двух добрых сен’ёр, гукі аплявух, якімі яны сябе ўзнагароджвалі, пракляцці, якія зрываліся з іхніх вуснаў на праклятыя рыцарскія кнігі. Усё гэта аднавілася зноў, калі Дон-Кіхот уязджаў у вароты свайго двара.

Даведаўшыся аб прыездзе Дон-Кіхота, прыбегла і жонка Санчо Панса, ведаўшая ўжо цяпер, што муж яе служыў у рыцара зброеносцам. Толькі яна ўбачыла Санчо, першай справай запыталася ў яго, ці здаровы асёл. Санчо адказаў, што асёл здаравей за свайго пана.

— А цяпер скажыце мне, сябра, — сказала яна, — якую карысць мелі вы з вашай пасады зброеносца? Якую вопратку прывезлі вы мне? Якія чаравічкі вашым дзецям?

— Нічога гэтага не прывёз я, жонка, — спыніў яе Санчо, — а прывёз іншыя рэчы, больш каштоўныя і значныя.