Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/260

Гэта старонка не была вычытаная

— Вы не спяшаецеся паведаміць яе нам, сен’ёр Дон-Кіхот, — сказаў поп.

— Я-б не хацеў паведамляць яе тут цяпер, каб заўтра раніцою яна не дайшла да членаў каралеўскага совета, і хто-небудзь іншы не выкарыстаў-бы ўдзячнасць і ўзнагароду за маю стараннасць.

— Што-ж тычыцца мяне, — адказаў цырульнік, — даю вам слова, што з усяго таго, пра што-б вы ні сказалі нам, ні кароль і ні адзін чалавек не пачуе ні слова.

— А хто паручыцца мне за вас, сен’ёр свяшчэннік? — запытаўся Дон-Кіхот.

— Мой сан, — адказаў поп, — прымушае мяне хаваць таемнасць.

— Добра, — сказаў тады Дон-Кіхот, — я вам адкрыю праект. Самае лепшае, што мог-бы зрабіць яго вялікасць, гэта абвясціць цераз глашатаяў загад усім вандроўным рыцарам, вандруючым па Іспаніі, сабрацца ў прызначаны дзень у сталіцы. Калі-б іх з’явілася туды нават не больш поўтузіны, у ліку іх мог-бы знайсціся такі рыцар, што аднаго яго было-б дастаткова для знішчэння ўсёй магутнасці туркаў. Вы можа думаеце, што для вандроўнага рыцара так ужо цяжка знішчыць армію ў дзвесце тысяч чалавек. Вы не верыце? А колькі гісторый напоўнена падобнымі цудамі? Калі-б цяпер былі жывыя славуты Беліяніс або яшчэ які-небудзь з вялікіх патомкаў Амадыса Гальскага, калі-б хто-небудзь з іх выступіў супроць туркаў, клянуся сумленнем, я не хацеў-бы быць на іхнім месцы. Але і цяпер знойдзецца рыцар, калі і не такі харобры, як ранейшыя рыцары, ды прынамсі, роўны ім у мужнасці. Больш я нічога не скажу.

— Ах, — усклікнула тут пляменніца, — няхай заб’юць мяне, калі мой сен’ёр не хоча зноў зрабіцца вандроўным рыцарам!

На гэта Дон-Кіхот адказаў:

— Вандроўным рыцарам я і памру. Няхай туркі высаджваюцца, дзе хочуць, калі захочуць і ў якой колькасці могуць, а я яшчэ раз паўтараю: больш я нічога не скажу.

— Упрашаю вас, вашы міласці, — сказаў тады цырульнік, —