Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/266

Гэта старонка не была вычытаная

жылі і вандравалі; адно і тое-ж шчасце выпала нам абодвум на долю. Калі цябе раз падкідвалі на коўдры, дык мяне сто разоў білі, — вось усе перавагі, якія я меў перад табою.

— Гэта зусім правільна, бо, мяркуючы па словах вашай міласці, няшчасці — хутчэй прыналежнасць вандроўных рыцараў, як іхніх зброеносцаў.

— Ты памыляешся, Санчо, — сказаў Дон-Кіхот, — бо па выслоўю: „quando caput dolet…“[1]

— Я не разумею іншай мовы, апрача маёй роднай, — спыніў яго Санчо.

— Гэтым я хачу сказаць, што калі баліць галава, церпяць усе члены цела; я — галава, а ты частка мяне, бо ты — мой слуга. З гэтай прычыны ўсякі боль, які я адчуваю або буду адчуваць, павінен адчуваць і ты, усё-адно як і я адчуваю твой боль.

— Так павінна было-б быць. Але калі яны мяне адкідалі на коўдры, як частку вашага цела, дык мая галава стаяла на тым баку паркана і глядзела, не адчуваючы ніякага болю, як я лётаў у паветры. Калі члены цела прымушаны мучыцца з-за болю галавы, дык ёй варта-б пацярпець з-за іхняга болю.

— Ці не хочаш ты сказаць, Санчо, што я не цярпеў, калі цябе падкідалі на коўдры? Не кажы гэтага, бо я ў той раз больш цярпеў душой, як ты целам. Але пакінем гэта ў баку покуль. Лепш скажы мне, сябра Санчо, што гавораць пра мяне на сяле. Якой думкі пра маю харобрасць, мае ўчынкі і маю ветлівасць? Якія ідуць гутаркі аб рыцарскім ордэне, які я аднаўляю? Я, Санчо, хачу, каб ты расказаў мне пра гэта, не перавялічваючы добрае і не хаваючы ні на іёту дрэннае, бо абавязак верных васалаў заўсёды гаварыць сваім сен’ёрам праўду, не падфарбоўваючы яе ліслівасцю і не хаваючы нічога па іншых марных меркаваннях.

— Зраблю гэта ахвотна, сен’ёр мой. Але ваша міласць

  1. „Quando caput dolet, caetera membra dolent“ латынскае выслоўе азначаючае: калі баліць галава, церпяць і астатнія члены.