Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/270

Гэта старонка не была вычытаная

перад усімі вандроўнымі рыцарамі. І аўтар і перакладчык надзвычайна ярка паказалі харобрасць вашай міласці, адвагу ў небяспецы, цярплівасць у пакутах, мужнасць ў няшчасці, а таксама чыстату і стрыманасць у такім платанічным каханні вашай міласці да сен’ёры дон’і Дульсінеі Табоскай.

— Ніколі я не чуў, — сказаў Санчо Панса, — каб сен’ёру Дульсінею называлі „дон’яй“. Яе завуць проста сен’ёра Дульсінея Табоская і ў гэтым гісторыя, безумоўна, памыляецца.

— Гэтае супярэчанне не мае вялікага значэння, — сказаў Караско.

— Вядома, не мае, — пацвердзіў Дон-Кіхот. — Але скажыце мне, сен’ёр бакалаўр, якія з маіх учынкаў праслаўляюцца больш за іншыя ў гэтай гісторыі.

— Адносна гэтага існуюць розныя думкі; і густ-жа бывае розны: адны ставяць вышэй за ўсё прыгоду з ветракамі, якія ваша міласць палічыла за гігантаў, другія аддаюць перавагу прыгодзе з вальцоўкамі. Адным падабаецца эпізод з двума войскамі, якія былі двума статкамі баранаў; другія захапляюцца гісторыяй з трупам, які везлі хаваць у Сеговію, некаторыя аддаюць перавагу вызваленню галерных нявольнікаў, а іншыя сцвярджаюць, што нічога не можа параўнацца з двума волатамі-бенедыктынцамі і бойкай з харобрым біскайцам.

— Скажыце мне, сен’ёр бакалаўр, — сказаў тады Санчо, — ці ўвайшла таксама ў гісторыю прыгода з янгуэсцамі, калі вашаму добраму Расінантэ захацелася троху пагуляць?

— Нічога мудрэц не пакінуў на дне чарнільніцы. Ён гаворыць пра ўсё, нават і пра скачкі добрага Санчо на коўдры, калі яго падкідвалі на ёй.

— На коўдры я не рабіў скачкоў, — засупярэчыў Санчо. — На паветры рабіў іх, і нават больш, як хацеў-бы.

— Я думаю, — зусім слушна заўважыў Дон-Кіхот, — што няма такой чалавечай гісторыі, у якой не было-б зменнасці, асабліва-ж у тых гісторыях, дзе гутарка ідзе пра рыцараў,