Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/274

Гэта старонка не была вычытаная

хацелася-б ведаць, на што ён іх патраціў. Гэта — адзін з галоўных недахопаў у кнізе.

— Сен’ёр Сансон, — сказаў на гэта Санчо, — мне цяпер нельга пачаць расказваць, бо я адчуваю вельмі вялікую слабасць у страўніку. Мая птаха чакае мяне дома. Скончыўшы есці, я вярнуся і задаволю вашу міласць і ўвесь свет адносна ўсяго, што вы хочаце запытаць — як аб прапажы асла, так і пра выдаткаванне сотні чырвонцаў.

І, не чакаючы адказу, Санчо пайшоў дахаты.

Дон-Кіхот настойваў, каб бакалаўр не пакідаў яго і паабедаў разам з ім. Бакалаўр прыняў запрашэнне і астаўся. За абедам гутарка ішла аб рыцарстве, пры гэтым Караско падрабляўся ўвесь час пад дзівацтвы Дон-Кіхота.

Калі абед скончыўся, і Санчо вярнуўся, гутарка аднавілася.


РАЗДЗЕЛ IV,
у якім Санчо Панса дае тлумачэнне на ўсе запытанні і сумненні бакалаўра Сансона Караско. Апрача таго, у ім паведамляецца і пра іншыя здарэнні, заслугоўваючыя таго, каб іх паслухаць

Такім чынам, сен’ёру незразумела, — пачаў Санчо Панса, звяртаючыся да бакалаўра, — як, калі і хто ўкраў майго асла. Гэта здарылася ў тую самую ноч, калі мы накіраваліся ў горы Сіера-Марэна. Пасля няшчаснай прыгоды з галернымі нявольнікамі і прыгоды з трупам, які везлі ў Сеговію, мой сен’ёр і я схаваліся ў гушчары. Абодва змораныя і пабітыя ў нядаўняй бойцы, мы так заснулі, нібы ляжалі на чатырох пухавіках. Асабліва я спаў такім моцным сном, што нехта, — хто-б ён ні быў, — меў мажлівасць падыйсці да мяне, падставіць пад мяне чатыры падпоркі, замацаваўшы на іх чатыры вуглы ўючнага сядла. Я і застаўся ляжаць на сядле, а ён вывеў з-пад мяне Шэрага так, што я не пачуў гэтага.

Прышла раніца, і не паспеў я, прачнуўшыся, пацягнуцца, як падпоркі пада мною рассунуліся, і я з гулам паваліўся