Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/275

Гэта старонка не была вычытаная

на зямлю. Я паглядзеў, дзе мой асёл, але яго не было. Слёзы паказаліся на маіх вачах. Я пачаў так скардзіцца, што калі аўтар нашай гісторыі не змясціў гэтага ў сваёй кнізе, то вельмі многа страціў. Праз некалькі дзён, калі мы ехалі з сен’ёрай прынцэсай Мікаміконай, я апазнаў майго асла. На ім у цыганскай вопратцы ехаў Хінес дэ-Пасамонтэ, ашуканец і найвялікшы жулік, якога мы, мой пан і я, вызвалілі ад кайданоў…

— Не ў гэтым памылка, — перабіў яго Сансон, — а ў тым, што раней, як асёл знайшоўся, Санчо ўжо ехаў на Шэрым.

— На гэта, — сказаў Санчо, — не ведаю, што адказаць. Напэўна, аўтар гісторыі памыліўся, або гэта недагляд наборшчыка.

— Так яно, напэўна, і ёсць, — згадзіўся Сансон. — Але што-ж зрабілася з той сотняй чырвонцаў?

— Яны выдаткаваны, — нездаволена адказаў Санчо. — Я патраціў іх на карысць уласнай маёй асобы і на карысць маёй жонкі і маіх дзяцей. Толькі дзякуючы гэтым грошам жонка мая аднеслася спакойна да вандраванняў і раз’ездаў маіх па службе ў сен’ёра Дон-Кіхота. Калі-б пасля такой даўгой адсутнасці я вярнуўся дахаты без граша і без асла, страшэнная завіруха чакала-б мяне тут. А наогул кажучы, нікому няма справы ўмешвацца ў тое, браў я што або не браў, траціў або не траціў. Калі-б за ўдары, атрыманыя мною ў час гэтых вандраванняў, заплацілі грашыма, хаця-б па чатыры мараведысы за кожны ўдар, — новай сотні чырвонцаў было-б мала, каб заплаціць мне толькі за палову атрыманых мною ўдараў. Няхай усе зразумеюць гэта, бо кожны чалавек такі, які ён ёсць, а часта нават і горш таго.

— Я паклапачуся, — заявіў Караско, — папярэдзіць аўтар гісторыі, калі ён яе зноў надрукуе, не запамятаваць таго, што сказаў добры Санчо?

— Можа аўтар абяцае і другую частку? — запытаў Дон-Кіхот.

— Так, абяцае, — адказаў Сансон, — але гаворыць, што ён яшчэ не знайшоў яе. Некаторыя кажуць, нібыта другія часткі ніколі не бываюць добрымі, а другія — што ўжо многа пісалі