Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/278

Гэта старонка не была вычытаная
РАЗДЗЕЛ V
Пра дасціпную і цікавую гутарку, якая адбылася ў Санчо Панса з яго жонкай, Тэрэсай Панса, а таксама і пра іншыя падзеі, заслугоўваючыя прыемнага ўспаміну

Дайшоўшы да пятага раздзела, перакладчык гэтай гісторыі абвяшчае, што ён лічыць яе фальшывай, бо Санчо Панса гаворыць тут іншым складам, як можна было-б чакаць ад яго нязначнага розуму, і гаворыць рэчы такія тонкія, якіх ён не можа ведаць. Але, тым не менш, каб выканаць узяты ім на сябе абавязак, перакладчык не спыняе работы.

Санчо вярнуўся дахаты такі задаволены і вясёлы, што яго жонка прыкмеціла радасць яго ўжо на адлегласці палёту стралы, і гэта прымусіла яе запытаць яго:

— Што з вамі, сябра Санчо? Чаму вы такі вясёлы?

— Жонка, калі-б можа было, я быў-бы вельмі рады не быць такім вясёлым, якім я вам здаюся!

— Не разумею, муж мой, што вы хочаце сказаць гэтым! Хаця я і дурная, але не ведаю, як можна знаходзіць здавальненне ў тым, каб не мець здавальнення.

— Вось што, Тэрэса, я вясёлы таму, што парашыў зноў паступіць на службу да майго пана Дон-Кіхота. Я зноў еду з ім, бо мяне прымушпаюць зрабіць гэта беднасць і надзея, што я магу знайсці другую сотню чырвонцаў, зусім падобную да той, якую мы патрацілі. Калі-б я мог мець хлеб, седзячы дома, дык радасць мая была-б больш поўнай і больш сапраўднай. А цяперашняя мая радасць змешана з горам разлукі з табой. З гэтай прычыны я і сказаў, што быў-бы рады, калі-б не быў такім вясёлым.

— Слухайце, Санчо, з таго часу, як вы зрабіліся членам вандроўнага рыцарства, вы гаворыце так дзіўна, што ніхто не можа вас зразумець.

— Таму, каму патрэбна, зразумее мяне, — адказаў Санчо, — а покуль не запамятайце добра даглядаць Шэрага, каб ён мог несці зброю. Майце на ўвазе, што мы едзем не на вяселле, а будзем валацужыць па свеце, уступаць убойкі