Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/287

Гэта старонка не была вычытаная

нага рыцара. Такім чынам, сен’ёр Дон-Кіхот мой, няхай лепш сёння, як заўтра, ваша міласць і ваша вялікасць накіроўваецца ў дарогу. Калі-б была патрэба служыць вашай вялікасці зброеносцам, я палічыў-бы гэта за найвялікшае шчасце для сябе.

Тады Дон-Кіхот, павярнуўшыся да Санчо, сказаў:

— Ці не сказаў я табе, Санчо, што ў мяне будзе больш зброеносцаў, як патрэбна мне! Бачыш, хто прапануе мне ім быць. Ніхто другі, як непараўнальны бакалаўр Сансон Караско, радасць слухачоў саламанскіх школ, здаровы целам, спрытны і гнуткі, маючы ўсе якасці, патрэбныя для зброеносца вандроўнага рыцара. Але я не павінен разбіваць калону вучонасці і сасуд навук: няхай сен’ёр Сансон астанецца на сваёй айчыне і пакрые гонарам сівізну старых бацькоў сваіх. А я знайду другога зброеносца, калі Санчо не захоча ехаць са мной.

— Не, мне хочацца! — адказаў расчулены Санчо. — Няхай не скажуць пра мяне, сен’ёр мой: хлеб падзялілі і адзін аднаго забілі. Я зразумеў жаданне ваша, сен’ёр, зрабіць мне ласку, і калі пачаў лічыць маю пенсію, дык зрабіў гэта толькі для таго, каб дагадзіць маёй жонцы. Але, урэшце-рэшт, мужчына павінен быць мужчынай, а з той прычыны, што я — мужчына ўсюды, чаго нельга адмаўляць, дык хачу ім быць і ў сябе дома. Такім чынам, няхай міласць ваша прывядзе ў парадак свой запавет і накіруемся адразу-ж у дарогу, каб не мучылася сумленне сен’ёра Караско. Я зноў буду служыць вашай міласці лепш, як усе зброеносцы, служыўшыя вандроўным рыцарам у мінулыя і цяперашнія часы.

Бакалаўр быў здзіўлены манерай гаварыць Санчо Панса. Хаця ён і чытаў першую частку гісторыі Дон-Кіхота, але не мог паверыць, каб Санчо быў сапраўды такім забаўным, якім там яго намалявалі. Дон-Кіхот і Санчо з ухвалы вялікага Караско, які з гэтага часу зрабіўся іхнім аракулам, парашылі, што праз тры дні адбудзецца іхні ад’езд.

За гэты час яны спадзяваліся знайсці сапраўдны шлём