Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/290

Гэта старонка не была вычытаная

цэрамоняцца і растрэслі яго ва ўсе бакі, падмятаючы ім, як гаворыцца, усе вуліцы. А між тым у мяне няма такой удачы і шчасця, каб маглі мне зайздросціць.

— Гэта, Санчо, падобна на тое, што здарылася з адным славутым сучасным паэтам. Ён напісаў злую сатыру супроць лёгкадумных дам, але не ўключыў ў яе адну даму, адносна якой у яго было сумненне — лёгкадумная яна або не. Убачыўшы, што яе імя няма ў спісе гэтых дам, яна патрабавала, каб ён дапоўніў сваю сатыру, змясціўшы і яе туды; у адваротным выпадку яна пагражала яму сваім гневам. Паэт выканаў яе жаданне і нагаварыў пра яе ў сваёй сатыры такіх рэчаў, што яна засталася вельмі здаволенай, бо адразу набыла вядомасць. Дарэчы, можна прыгадаць яшчэ і таго пастуха, што спаліў славуты храм Дыяны, які лічыўся адным з сямі цудаў свету, каб імя яго перажыло вякі. І хаця была выдана пастанова, каб ніхто не ўспамінаў яго імя ні вусна, ні пісьмова, але ўсё-ж зрабілася вядомым, што яго звалі Герастратам. Гэтым я хачу сказаць, Санчо, што жаданне набыць славу — у вышэйшай ступені дзейная і магутная прычына. Як ты думаеш, што прымусіла Гарацыя ў поўным узбраенні кінуцца з маста ў глыбіню Тыбра? Чаму Муцый Сцэвола спаліў сабе руку? Усе гэтыя і яшчэ розныя іншыя вялікія ўчынкі ёсць і будуць адзнакай славы, да якой людзі імкнуцца, як да вечнасці.

— Усё, што ваша міласць сказала, я зразумеў вельмі добра. А цяпер я хацеў-бы, каб міласць ваша растлумала мне адно недамненне…

— Недаўменне — хацеў ты, пэўна, сказаць, Санчо, — паправіў яго Дон-Кіхот. — Пытайся, і я адкажу табе, што здолею.

— Скажыце мне, сен’ёр, дзе знаходзяцца ўсе гэтыя славутыя рыцары, пра якіх вы казалі?

— Язычнікі, напэўна, знаходзяцца ў пекле, а хрысціяне, калі яны былі добрыя, у чысцілішчы або ў раю.

— А перад грабніцамі, у якіх ляжаць целы гэтых выдатных сен’ёраў, ці ёсць там срэбраныя лампады, ці ўпрыгожаны сцены іхніх капліц?