Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/292

Гэта старонка не была вычытаная

тага ўспаміну, што вельмі пакрыўдзіла Дон-Кіхота. Нарэшце на другі дзень, пад вечар, перад іхнімі вачыма раскінуўся вялікі горад Табосо. Пры гэтым радасць напоўніла душу Дон-Кіхота, а сум — душу Санчо, бо ён не ведаў, дзе жыла Дульсінея, і ніколі ў жыцці не бачыў яе, як не бачыў яе і яго пан. Так што абодва яны былі ўсхваляваныя: адзін — ад чакання ўбачыць яе, другі — таму што не бачыў яе.

Нарэшце, з надыходам ночы яны ўехалі ў горад, дзе з імі здарыліся справы вельмі паказальныя.


РАЗДЗЕЛ IX,
у якім апавядаецца тое, пра што чытач даведаецца, калі прачытае

Якраз у поўнач Дон-Кіхот і Санчо ўехалі ў Табосо. Усё сяло знаходзілася ў глыбокай маўклівасці, бо жыхары спалі, як гаворыцца, не пераводзячы духу. Ноч была досыць светлая, хаця Санчо і хацеў, каб яна была як мага цямнейшай, бо цемра магла-б быць апраўданнем яго глупству. Ва ўсім мястэчку быў чутны толькі брэх сабак, які непакоіў вушы Дон-Кіхота і сэрца Санчо. Час ад часу роў асёл, рохкалі свінні, курняўкалі кошкі. Усё гэта рыцар палічыў дрэннай адзнакай, тым не менш ён сказаў Санчо:

— Санчо, завядзі мяне ў палац Дульсінеі: можа мы яшчэ заспеем яе не спячай.

— У які гэта палац я павінен весці вас, клянуся сонцам, калі той, у якім я бачыў яе вялікасць, быў толькі зусім маленькім домікам?

— Мабыць янпа тады была ў невялікай прыбудове свайго каралеўскага палаца і забаўлялася там са сваімі дзяўчатамі, як гэта ў звычаі ў знатных дам і прынцэс.

— Сен’ёр, калі ўжо ваша міласць хоча, каб, назло мне, дом сен’ёры Дульсінеі быў каралеўскім палацам, дык ці такі цяпер час, каб знайсці дзверы адчыненымі. Ці добра будзе стукацца так, каб перапалохаць усіх людзей?