Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/293

Гэта старонка не была вычытаная

— Раней за ўсё знойдзем, а потым я скажу табе. Санчо, што нам трэба рабіць. Вось глядзі, — цёмная груда, якая відаць адсюль, напэўна і ёсць палац Дульсінеі.

— Дык няхай ваша міласць і вядзе нас!

Дон-Кіхот паехаў наперад і, праехаўшы каля двух соцень крокаў, убачыў, што груда, якая адкідвала ад сябе чорны цень, была высокай вежай. Ён адразу-ж зразумеў, што будынак гэты — не палац, а царква таго мястэчка, і, расчараваны, сказаў:

— Мы наткнуліся на царкву, Санчо.

— Бачу. Добра яшчэ, што мы не наткнуліся на свае магілы, бо недарэмна здані блукаюць па могілках у такія гадзіны. Апрача таго, я, наколькі памятаю, казаў вашай міласці, што дом гэтай сен’ёры знаходзіцца ў глухім завулку.

— Будзь ты пракляты, дурань! — раззлаваўся Дон-Кіхот. — Дзе ты бачыў, каб каралеўскія замкі і палацы былі пабудаваны ў глухіх завулках?!

— Сен’ёр, кожная краіна мае свае звычаі. Можа тут, у Табосо, звычай — будаваць дамы і вялікія будынкі ў глухіх завулках. З гэтай прычыны ўпрашаю вашу міласць — дазвольце мне пашукаць па гэтых вуліцах і глухіх завулках, якія тут бачу перад намі. Можа здарыцца, што ў якім-небудзь куту я знайду той палац, які лепш з’елі-б сабакі, як нам бегаць і мучыцца, шукаючы яго.

— Кажы з патрэбнай павагай, Санчо, пра рэчы, маючыя адносіны да маёй сен’ёры.

— Паспрабую стрымацца, але адкуль мне ўзяць цярплівасць, калі ваша міласць патрабуе, каб я, бачыўшы толькі адзін раз дом нашай пані, ведаў яго заўсёды і знайшоў яго ў поўнач! А вы самі не знаходзіце яго, хаця павінны былі бачыць яго сотні тысяч разоў.

— Ты давядзеш мяне да роспачы, Санчо! Слухай, ерэтык, ці не казаў я табе тысячу разоў, што за ўсё сваё жыццё я ніколі не бачыў непараўнальнай Дульсінеі, ніколі да гэтага часу не пераступаў парога яе палаца і закаханы ў яе толькі па чутках пра яе вялікую прыгажосць і пра не менш вялікі розум.