Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/294

Гэта старонка не была вычытаная

— Але-ж і я яе не бачыў.

— Гэтага не можа быць! — усклікнуў Дон-Кіхот. — Ты-ж сам мне казаў, што бачыў яе, калі яна прасейвала пшаніцу, і прывёз мне адказ на ліст, які я з табой паслаў ёй.

— Не звяртайце на гэта ўвагі, сен’ёр. Я павінен вам сказаць, што бачыў яе і прывёз вам ад яе адказ толькі па чутках, і так-жа магу сказаць, хто сен’ёра Дульсінея, як ударыць кулаком у неба.

— Санчо, Санчо! — пачаў дакараць яго Дон-Кіхот. — Ёсць час для жартаў і час, калі жарты не да месца. Калі я кажу, што не бачыў і не гутарыў з уладаркай маёй душы, дык ты зусім не абавязаны паўтараць тое-ж самае.

Гутарачы такім чынам, яны ўбачылі, што каля іх прайшоў нехта з двума муламі. Гэта быў земляроб, які, устаўшы рана, досвіта накіроўваўся на работу.

Калі земляроб параўнаўся з імі, Дон-Кіхот запытаў яго:

— Ці не можаце вы мне сказаць, добры сябра, дзе тут палац непараўнальнай Дульсінеі Табоскай?

— Сен’ёр, — адказаў малады хлопец, — я не тутэйшы і ўсяго толькі некалькі дзён жыву ў гэтым сяле, дзе паступіў на службу да багатага селяніна. Вось тут у доме супроць жыве мясцовы поп і панамар; абодва яны, або кожны ў паасобку, могуць даць вашай міласці патрэбныя весткі пра сен’ёру прынцэсу, бо ў іх ёсць спіс усіх жыхароў Табосо. Я-ж, з свайго боку, думаю, што ва ўсім мястэчку няма ніводнай прынцэсы. Між іншым, сен’ёр тут вельмі многа, і кожная з іх можа лічыць сябе прынцэсай у сваім доме. — І, пагнаўшы сваіх мулаў, ён не пачаў чакаць далейшага распытвання.

Санчо, убачыўшы, што яго пан у недаўменні і некалькі нездаволены, сказаў:

— Сен’ёр, дзень ужо блізка. Было-б з нашага боку неасцярожна, каб сонца заспела нас на вуліцы. Лепш нам паехаць з горада. Няхай ваша міласць схаваецца ў якіх-небудзь хмызняках тут, недалёка, а як толькі развіднее, я зноў вярнуся сюды і не пакіну кутка ва ўсім мястэчку не абшу-