Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/297

Гэта старонка не была вычытаная

— Мой пан, як я ў гэтым пераканаўся з тысячы прыкладаў, вар’ят, якога варта-б звязаць, а я таксама недалёка адышоў ад яго, бо прыказка гаворыць: „скажы мне, з кім ты сябруеш, і я скажу табе, хто ты такі“. Вар’яцтва-ж яго такога сорту, што ён прымае адну рэч за другую: белае лічыць чорным, а чорнае — белым, як гэта было, напрыклад, з ветракамі. З гэтай прычыны не вельмі цяжка будзе прымусіць яго паверыць, што першая сялянка, якая будзе ісці яму насустрач, і ёсць сен’ёра Дульсінея. Можа ён нават уявіць сабе, што які-небудзь злы чараўнік так сапсаваў яе вобраз на бяду і гора яму.

Гэтымі думкамі заспакоіў сябе Санчо Панса і астаўся там сядзець да пасляабеда. Усё склалася для яго вельмі ўдала. Калі ён падняўся, каб сесці на свайго Шэрага, ён убачыў, што з Табосо ў напрамку да яго едуць тры сялянкі на трох аслах або асліцах. Убачыўшы сялянак, ён ускочку паехаў да свайго сен’ёра Дон-Кіхота, якога знайшоў Уздыхаючым і гаворачым тысячы любоўных слоў.

— Якую вестку нясеш ты мне, сябра Санчо? — усклікнуў Дон-Кіхот. Як мне адзначыць гэты дзень — белым або чорным каменем?

— Лепш было-б, калі-б міласць ваша адзначыла яго чырвоным графітам, каб хутчэй убачыць тое, што патрэбна!

— Значыць, ты прывёз мне добрыя весткі?

— Вашай міласці безадкладна трэба прышпорыць Расінантэ і выехаць у адкрытае поле для спаткання з сен’ёрай Дульсінеяй Табоскай, якая з двума прыслужніцамі едзе на спатканне з вашай міласцю.

— Што ты кажаш, Санчо, сябра! Не ашуквай мяне і не імкніся хаўслівай радасцю спалохаць сапраўдны мой сум.

— Якая мне карысць ашукваць вашу міласць?! — сказаў Санчо. — Прышпорце каня, сен’ёр, і вы ўбачыце прынцэсу, нашу ўладарку, прыгожую і прыбраную. Прыслужніцы яе і яна — адзін толькі бляск золата, пэрлаў, брыльянтаў, рубінаў; апрача таго, на іх прыгожая парча. Валасы іхнія распушчаны па плячах і здаюцца сонечнымі праменнямі; яны