Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/298

Гэта старонка не была вычытаная

едуць вярхом на трох буланых конях, прыгажэй за якіх і на свеце няма.

— У такім выпадку едзем, Санчо. У ўзнагароду за гэтую нечаканую і радасную вестку я абяцаю даць табе лепшую здабычу, якую набуду ў першай сустрэтай прыгодзе. Калі-ж гэта цябе не здаволіць, я падарую табе жарабят, якіх прынясуць мне сёлета мае тры кабылы.

— Давайце лепш жарабят, — сказаў Санчо. — Гэта больш надзейна, як уся здабыча.

Выехаўшы з лесу, яны ўбачылі трох сялянак. Дон-Кіхот пільна глянуў на ўсю дарогу да Табосо. Не ўбачыўшы на ёй нікога, апрача гэтых трох дзяўчат, ён вельмі замяшаўся і запытаў Санчо, ці не пакінуў ён Дульсінею з прыслужніцамі за горадам.

— Як за горадам? — пакрыўдзіўся Санчо. — Можа ў вашай міласці вочы адзаду галавы, калі вы не бачыце, што яны едуць нам насустрач, ззяючы, як яркае сонца ў поўдзень.

— Нічога не бачу, Санчо, — сумна прамовіў Дон-Кіхот, — апрача трох сялянак на трох аслах.

— Што вы, што вы гаворыце?! Няўжо тры прыгожыя кані здаюцца вашай міласці асламі? Я вырваў-бы сабе бараду, калі-б гэта было праўдай.

Сказаўшы гэта, Санчо паехаў наперад, злез з Шэрага, узяў за наморднік асла адной з сялянак, і, стаўшы перад ёю на калені, сказаў:

— Каралева, прынцэса і герцагіня прыгожасці, ці не будзе мець ласку ваша вялікасць праявіць прыхільнасць да палоненага вамі рыцара, які стаіць унь там, ператвораны ў камень і мармур, засаромлены і замярцвеўшы, убачыўшы сябе ў прыгожай вашай прысутнасці. Я — Санчо Панса, зброеносец яго, а ён — многа вандруючы рыцар Дон-Кіхот Ламанчскі, якога завуць яшчэ рыцарам Сумнага Вобразу.

У гэты час Дон-Кіхот ужо апусціўся поплеч з Санчо на калені. Пільна глядзеў ён, вылупіўшы ад здзіўлення і жаху вочы на тую, якую Санчо называў каралевай і сен’ёрай. Нажаль, ён не бачыў перад сабою нікога, апрача сялянкі,