Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/300

Гэта старонка не была вычытаная

— Падыміся, Санчо! — сказаў тады Дон-Кіхот. — Лёс, не насыціўшыся яшчэ маімі пакутамі, загарадзіў усе шляхі, адкуль магло-б прыйсці хоць некаторае заспакаенне ў маю пакутлівую душу, О, мяжа ўсякага ўдасканальвання, вяршыня чалавечай пекнаты, адзіная ўцеха сумнага сэрца, ставячага вышэй за ўсё цябе! Цяпер я бачу, што злосны чараўнік, праследуючы мяне, пакрыў мае вочы туманам і толькі для іх адных змяніў тваю непараўнальную прыгожасць. Калі ён не ператварыў таксама і мой выгляд у пачвару, каб зрабіць мяне брыдкім у тваіх вачах, не адмоўся глянуць на мяне пяшчотна і любоўна, прызнаўшы ў маім каленасхіленні перад тваёй пакрыўленай прыгожасцю ўсю пакорнасць, з якой душа мая багатварыць цябе.

— Расказвай гэта маім дзядам! — адказала сялянка. — Знайшоў аматарку слухаць пустую балбатню! Адыйдзіце ў бок, дайце нам дарогу, і мы вам падзякуем.

Санчо пастараніўся і прапусціў яе, вельмі здаволены, што ён так добра вышаў з свайго затруднення. Астатнія сялянкі кінуліся за ёю і паехалі ўскочку, не павярнуўшы галавы, покуль не праехалі поўмілі.

Калі яны зніклі з вачэй, Дон-Кіхот звярнуўся да Санчо, кажучы:

— Што ты скажаш цяпер? Як мяне ненавідзяць чараўнікі! Паглядзі, чаго дасягае супроць мяне іхняя злосць і гнеў: яны нават адабралі ў мяне шчасце ўбачыць маю сен’ёру ў сапраўдным яе выглядзе. Звярні таксама ўвагу, Санчо, што гэтыя здраднікі не здаволіліся змяненнем і ператварэннем маёй Дульсінеі — яны адабралі ў яе і тое, што заўсёды так уласціва знатным сен’ёрам, менавіта: добры пах ад усягдашняга іхняга знаходжання сярод амбры і кветак.

— О, брыдкі зброд! — усклікнуў тады Санчо. — О, злосныя і праклятыя чараўнікі, якіх я хацеў-бы бачыць усіх нанізанымі за жабры, як сардынкі на вяроўцы! Вы ператварылі пэрлы вачэй маёй сен’ёры ў жалуды пробкавага дрэва, яе валасы з чыстага золата — у шчаціну рыжага бычынага хваста. Хаця, кажучы па праўдзе, я зусім не бачыў яе нязграбнасці,