Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/303

Гэта старонка не была вычытаная

момант на сярэдзіну дарогі выехала калымага, нагружаная самымі рознастайнымі і дзіўнымі людзьмі і фігурамі, якія толькі можна ўявіць. Вазніцай быў пачварны д’ябал. Сама калымага была зусім адкрытая і не мела верха.

Першай убачыў Дон-Кіхот фігуру смерці, поплеч з ёю віднеўся ангел, з другога боку стаяў імператар. Ля ног смерці сядзеў бог кахання, якога завуць купідонам.

З гэтымі асобамі ехалі яшчэ і другія ў розных гарнітурах. Усё гэта прывяло ў замяшанасць Дон-Кіхота і напоўніла спалохам сэрца Санчо.

Але Дон-Кіхот узрадаваўся, падумаўшы, што яму сустрэлася новая і небяспечная прыгода. З гэтай думкай ён спыніўся перад калымагай і гучна сказаў:

— Вазніца, кучар, д’ябал або хто-б там ні быў! Безадкладна адказвай: хто ты, куды едзеш, і хто гэтыя людзі, якіх ты вязеш у сваёй калымазе?

На гэта д’ябал, спыніўшы калымагу, адказаў вельмі ветліва:

— Сен’ёр, мы — акторы з трупы Ангуло эль-Мало. Сёння раніцою мы ставілі ў сяле п’еску: „Смерць і яе прыдворны штат“, а ўвечары павінны ставіць яе ў мястэчку, якое вельмі блізка адсюль. Каб пазбавіць сябе ад працы распранацца і апранацца, мы едзем у тых-жа гарнітурах, у якіх гралі. Калі вашай міласці захочацца даведацца яшчэ што-небудь пра нас, запытайце, бо, раз я д’ябал, нічога не схавана ад мяне.

— Клянуся сумленнем вандроўнага рыцара! — усклікнуў Дон-Кіхот. — Як толькі я ўбачыў гэтую калымагу, я ўявіў, што перада мной стаіць вялікая прыгода.

Покуль яны так гутарылі, да іх падышоў адзін з актораў трупы, апрануты жартаўніком, увесь абвешаны бубенчыкамі. Ён трымаў у руках палку, да верхняга канца якой было прывязана тры надутыя бычыныя пузыры. Падышоўшы да Дон-Кіхота, жартаўнік пачаў фехтаваць палкай, біць пузырамі па зямлі і з усяе сілы скакаць, звонячы бубенчыкамі.