Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/304

Гэта старонка не была вычытаная

Страшэнная гэтая здань так спалохала Расінантэ, што ён, закусіўшы цуглі, пабег па полі, і Дон-Кіхот не мог яго спыніць. Санчо парашыў, што пану яго пагражае небяспека быць скінутым з каня, і, саскочыўшы са свайго Шэрага, пабег з усяе сілы да яго на помач. Калі ён да яго падбег, Дон-Кіхот ужо ляжаў на зямлі поплеч з Расінантэ — звычайны канец кожнай адвагі Расінантэ і яго спрыту.

Але толькі Санчо саскочыў са свайго асла, як скакун ускочыў на Шэрага і пачаў біць яго пузырамі. Не столькі боль ад удараў, як шум і спалох прымусілі Шэрага ляцець ускочку цераз поле да таго мястэчка, куды акторы ехалі на свята. Убачыўшы ўцёкі асла свайго і паданне свайго пана, Санчо не ведаў, якой з гэтых двух бед трэба памагчы ў першую чаргу.

Нарэшце, як у вернага зброеносца, любоў да пана перамагла прыхільнасць да асла. У недаўменні і трывозе падбег ён да Дон-Кіхота і, памагаючы яму ўзлезці на Расінантэ, сказаў:

— Сен’ёр, д’ябал забраў з сабою майго Шэрага.

— Які д’ябал?

— Той, з пузырамі!

— Я адбяру ў яго Шэрага, нават калі-б ён схаваўся з ім у самых глыбокіх бяздоннях пекла. Іхняя калымага едзе павольна, і я муламі заплачу табе за прапажу асла.

— Няма чаго непакоіцца, сен’ёр, — сказаў Санчо. — Як мне здаецца, д’ябал ужо адпусціў Шэрага, і ён вяртаецца да нас.

Сапраўды, д’ябал зваліўся з Шэрага і, нібы нічога не здарылася, пайшоў пехатою ў мястэчка, а асёл вярнуўся да свайго гаспадара.

— Тым не менш, — сказаў Дон-Кіхот, — было-6 нядрэнна за грубасць гэтага д’ябла адпомсціць каму-небудзь з седзячых у калымазе, хаця-б самому імператару.

— Няхай ваша міласць выкіне з галавы гэтую думку, — пачаў упрашаць Санчо. — Ніколі нельга звязвацца з акторамі, бо гэты народ карыстаецца вялікім спачуваннем. Гэта