Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/305

Гэта старонка не была вычытаная

людзі вясёлыя, яны даюць асалоду, і з гэтай прычыны ўсе іх абараняюць, памагаюць ім і ставяцца да іх з павагай, асабліва-ж да каралеўскіх і прывілеяваных труп.

— Тым не менш гэты камедыянт-д’ябал не ўцячэ ад мяне, хаця-б яму спачуваў увесь чалавечы род.

Сказаўшы гэта, Дон-Кіхот павярнуў каня, паімчаўся да калымагі і гучным голасам закрычаў:

— Спыніцеся! Пачакайце, вясёлы святочны натоўп! Я хачу правучыць вас, як трэба абыходзіцца з асламі і наогул з жывёламі, на якіх ездзяць зброеносцы вандроўных рыцараў.

Дон-Кіхот крычаў так гучна і доўга, што сядзеўшыя ў калымазе нарэшце пачулі яго. Смерць у момант выскачыла з калясніцы, а ўслед за ёю — імператар, вазніца, д’ябал і ангел. Усе яны схапілі каменні і, пастроіўшыся ў рад, пачалі чакаць Дон-Кіхота, каб ветліва сустрэць яго.

Убачыўшы гэта, Дон-Кіхот спыніў Расінантэ і пачаў разважаць, як-бы кінуцца на іх з найменшай для сябе небяспекай.

У гэты час пад’ехаў Санчо.

— Было-б вар’яцтвам пачынаць такую справу, сен’ёр, — сказаў ён. — Супроць пахлёбкі з булыжніка, ды яшчэ ў такой колькасці, няма на свеце абараняючай зброі. Апрача таго, гэта неразважнасць, а не харобрасць — аднаму чалавеку нападаць на армію, у якой знаходзіцца смерць і змагаюцца імператары і якой памагаюць добрыя і злыя ангелы. Але калі і гэтае меркаванне не заспакоіць вас, дык падумайце хоць пра тое, што сярод усіх прысутных, хаця яны і здаюцца каралямі і імператарамі, няма ніводнага вандроўнага рыцара.

— Цяпер сапраўды, Санчо, ты сказаў праўду, якая прымусіць мяне адмовіцца ад майго рашэння. Я не магу падымаць свой меч супроць тых, хто не пасвечаны ў рыцары. Справа гэта тычыцца цябе, Санчо, і калі ты хочаш адпомсціць за знявагу, зробленую твайму Шэраму, я адсюль памагу табе мудрай і карыснай парадай.

— Сен’ёр, па-мойму, няма чаго помсціць каму-б там ні