Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/308

Гэта старонка не была вычытаная

траву, а таксама на цішыню і адзіноту, якая так неабходна маім закаханым марам.

Сказаўшы гэта, ён злез з каня і лёг на зямлю, пры гэтым на ім зазвінела ўзбраенне — яўная адзнака вандроўнага рыцара. Падышоўшы да Санчо, які спаў, Дон-Кіхот праз сілу прымусіў яго прачнуцца і ціха сказаў яму:

— Брат Санчо, у нас прыгода!

— Дзе вы бачыце, сен’ёр мой, яе міласць мадам прыгоду?

— Дзе? — пераспытаў Дон-Кіхот. — Паглядзі і ўбачыш ляжачага на зямлі вандроўнага рыцара, які не вельмі вясёлы. Я бачыў, як ён злез з каня і кінуўся на зямлю з яўнымі адзнакамі вялікага гора, а калі ён клаўся, на ім зазвінела зброя.

— З чаго-ж міласць ваша робіць вывад, што гэта прыгода?

— Я не хачу сказаць, што гэта ўжо цэлая прыгода, але, безумоўна, гэта пачатак, бо так звычайна пачынаюцца прыгоды. Слухай, ён настройвае гітару і кашляе; як відаць, ён збіраецца спяваць.

— Так і ёсць, — адказаў Санчо. — Напэўна ён — закаханы рыцар.

— Няма ніводнага вандроўнага рыцара, які не быў-бы закаханы. Паслухаем яго, мы па гэтай нітцы дойдзем і да клубка яго думак, бо ад перапоўненасці сэрца гавораць вусны.

Санчо хацеў было супярэчыць свайму пану, але голас рыцара Лесу, не надта добры і не вельмі дрэнны, перашкодзіў яму. Скончыўшы спеў гучным уздыхам, рыцар Лесу загаварыў жаласна:

— О, прыгажэйшая і самая няўдзячная з жанчын усяго свету! Няўжо ты, святлейшая Касільдэя дэ-Вандалія, можаш дапусціць, каб палонены табою рыцар змарнеў і загінуў у бесперапынным вандраванні і суровай працы? Ці не хопіць таго, што прызнаць цябе першай у свеце я прымусіў усіх рыцараў Навары, леонскіх, кастыльскіх і, нарэшце, усіх рыцараў Ламанчы.

— Ну, гэтага не можа быць! — абурыўся Дон-Кіхот. — Я