Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/310

Гэта старонка не была вычытаная

— Не, сумленна кажучы, не! — усклікнуў Санчо, які стаяў тут-жа. — Наша сен’ёра ціхая, як прыручаная авечка, і мягчэй за масла.

Між тым зброеносец рыцара Лесу сказаў Санчо:

— Пойдзем удвух і пагутарым, пра што нам захочацца. Пакінем нашых сен’ёраў ламаць коп’і, расказваючы адзін аднаму гісторыю свайго кахання: напэўна золак заспее іх за гэтым заняткам, а можа і тады яны яго яшчэ не скончуць.

— Калі ласка! — згадзіўся Санчо.

З гэтымі словамі абодва зброеносцы пайшлі ў бок.


РАЗДЗЕЛ XIII,
у якім працягваецца прыгода з рыцарам Лесу, а таксама адбываецца дасціпная, надзвычайная і цікавая гутарка між двума зброеносцамі

Калі зброеносцы адышлі некаторую адлегласць ад рыцараў, зброеносец рыцара Лесу сказаў Санчо:

— Цяжкое жыццё вядзем мы, зброеносцы вандроўных рыцараў! Мы зарабляем хлеб, пацеючы ў сто патоў…

— І ў дрыжыках цела, — дадаў Санчо. — Хто больш за няшчасных зброеносцаў церпіць холад? Добра яшчэ, калі-б мы мелі, што есці. Але часам праходзіць і дзень і два, а нам нічога не трапляе на зубы, апрача ветру, і то толькі тады, калі ён дзьмухае.

— Гэта ўсё можна перацярпець, — сказаў зброеносец рыцара Лесу, — у надзеі на будучую ўзнагароду. Калі вандроўны рыцар не вельмі няшчасны, дык зброеносец яго праз кароткі час будзе ўзнагароджаны добрым губернатарствам або графствам.

— Я ўжо сказаў майму пану, што задаволюся губернатарствам якого-небудзь вострава, і ён абяцаў мне яго ўжо многа разоў.

— А я задаволюся, атрымаўшы канонікат, і мой пан заручыўся ўжо адным з іх для мяне.

— Як гэта?! — здзівіўся Санчо. — Значыць, пан вашай мі-