Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/315

Гэта старонка не была вычытаная

з гэтай прычыны бязлікія ўчынкі ўспамянёнага Дон-Кіхота цяпер ужо занесены на мой рахунак.

Дон-Кіхот быў у вышэйшай ступені здзіўлены, слухаючы рыцара Лесу. Хаця тысячу разоў з кончыка языка ў яго хацелі сарвацца словы: „вы хлусіце“, але ён стрымаў сябе. Дон-Кіхот хацеў прымусіць таго рыцара ўласнымі вуснамі прызнацца ў хлусні і з гэтай прычыны спакойна сказаў яму:

— Мажліва, што ваша міласць, сен’ёр рыцар, перамагла большасць вандроўных рыцараў Іспаніі і нават усяго свету, — супроць гэтага я не супярэчу. Але я сумняваюся, каб вы перамаглі Дон-Кіхота Ламанчскага. Можа гэта быў хто-небудзь другі, падобны да Дон-Кіхота, хаця мала такіх, якія былі-б падобны да яго.

— Клянуся небам, якое падымаецца над намі, што я змагаўся з Дон-Кіхотам, перамог яго і прымусіў здацца. Гэта чалавек высокага росту, з хударлявым тварам і даўгім худым целам, з арліным носам і вялікімі чорнымі і вісячымі вусамі. Змагаецца ён пад прозвішчам рыцара Сумнага Вобразу. Зброеносцам у яго служыць селянін Санчо Панса. Уладарка яго дум — нейкая Дульсінея Табоская. Калі гэтага недастаткова, каб давесці ісціну маіх слоў, дык мой меч прымусіць паверыць самую няверу!

— Заспакойцеся, сен’ёр кабальеро! — сказаў Дон-Кіхот. — Ведайце-ж, што гэты Дон-Кіхот да такой ступені мне сябра, што ён усё-адно, што я. Па вашых словах я не магу сумнявацца, што вы перамаглі яго, але тлумачу гэта тым, што ў яго многа ворагаў сярод чараўнікоў. Хто-небудзь з іх прыме яго вобраз, каб даць сябе перамагчы і пазбавіць яго славы, якую рыцарскія ўчынкі далі яму на ўсёй зямлі. Не больш як два дні назад гэтыя чараўнікі ператварылі асобу прыгожай Дульсінеі Табоскай у вобраз бруднай, нязграбнай сялянкі. Такім-жа чынам ператварылі яны і Дон-Кіхота. Каб пераканаць вас у правільнасці ўсяго гэтага, скажу: перад вамі стаіць сам Дон-Кіхот. Я гатоў адстойваць гэтую ісціну са зброяй у руках, пехатою або конна, як вам захочацца.

З гэтымі словамі ён падняўся і, узяўшыся за рукаятку