Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/316

Гэта старонка не была вычытаная

мяча, чакаў рашэння рыцара Лесу, які таксама вельмі спакойна адказаў:

— Добры плацельшчык не баіцца за свае залогі: той, хто аднойчы перамог ператворанага ў вас, сен’ёр Дон-Кіхот, справіцца з вамі і ў сапраўдным выглядзе. Але рыцары не робяць свае ваенныя ўчынкі ў цемры, падобна разбойнікам і нягоднікам. Пачакаем надыходу дня, каб сонца бачыла нашы справы. Няхай пераможаны падначаліцца волі пераможцы, пры той умове, вядома, каб патрабаванні апошняга не супярэчылі рыцарскаму гонару.

— Я больш як здаволены гэтай умовай і ўгаворам, — адказаў Дон-Кіхот.

Скончыўшы на гэтым, яны пайшлі да сваіх зброеносцаў, разбудзілі іх і загадалі трымаць напагатове коні. Досвіта абодва рыцары павінны былі пачаць крывавую і страшэнную бойку. Пачуўшы гэтую вестку, Санчо быў вельмі здзіўлены. Не кажучы ні слова, абодва зброеносцы пайшлі шукаць свой табун. Па дарозе зброеносец рыцара Лесу сказаў Санчо:

— Трэба вам ведаць, што, па звычаю Андалузіі, сведкі бойкі не могуць прысутнічаць пры ёй, склаўшы рукі, і бяздзейнічаць у той час, як праціўнікі змагаюцца. Покуль нашы сен’ёры будуць біцца, мы таксама павінны пабіць адзін аднаго ўшчэнт.

— Звычай гэты, сен’ёр зброеносец, можа і карыстаўся поспехам сярод буянаў, пра якіх вы гаворыце, яле што тычыцца зброеносцаў вандроўных рыцараў, пра гэта і думаць няма чаго. Прынамсі, я не чуў ад майго пана пра такі звычай, а ён напамяць ведае ўсе статуты вандроўнага рыцарства. Але калі-б нават такое правіла сапраўды існавала, дык я яму ўсё-адно не падначаліўся-б, а лепш заплаціў-бы штраф, тым больш, што ў мяне і мяча няма.

— Ну, гэта глупства. У мяне з сабой два палатняныя мяхі аднолькавага памеру. Мы возьмем іх і будзем біцца ўдарамі палатняных мяхоў. Зброя ў нас будзе аднолькавая.

— Такім спосабам — калі ласка, — узрадаваўся Санчо. — Такая бойка хутчэй ачысціць нас ад пылу, як параніць.