Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/317

Гэта старонка не была вычытаная

— Не, дарагі мой, каб мяхі не падхапіў вецер, мы паложым у кожны з іх поўтузіны добрых каменняў аднолькавай вагі. Такім чынам мы будзем біцца мяхамі, не робячы адзін аднаму ні болю, ні шкоды.

— Клянуся целам бацькі майго! — усклікнуў Санчо. — Які гэта сабаліны мех і якія кулі з пухкай ваты задумаў ён пакласці ў тыя мяхі, каб не разбіць нам чэрапы і не патаўчы косці ў парашок! Але калі вы напоўніце мяхі нават шаўковымі коканамі, ведайце, сен’ёр мой, што біцца я не буду! Няхай вашы паны б’юцца, колькі ім захочацца, а мы будзем есці і піць. Час і без таго паклапоціцца адабраць у нас жыццё, і нам зусім няма чаго шукаць сродкаў, як скончыць з ім да тэрміну, раней чым яно, паспеўшы, само адпадзе.

— Тым не менш, мы ўсё-такі павінны біцца, прынамсі, хоць з поўгадзіны.

— Зусім не! Я не магу быць такім няветлівым і няўдзячным, каб пачаць сварку з чалавекам, з якім я піў і еў, тым больш, што я зусім не адчуваю ні кроплі злосці або гневу. Каму-ж, чорт вазьмі, можа прыйсці ў галаву біцца проста так сабе, ні за што, ні пра што, толькі каб сумна правесці час.

— Супроць гэтага ў мяне есць добры сродак. Раней як мы з вамі пачнем бойку, я падыйду да вашай міласці і пачастую вас трыма або чатырма такімі аплявухамі, што вы зваліцеся да маіх ног. Гэтым спосабам я абавязкова абуджу ў вас гнеў, хаця-б ён спаў мацней як сурок.

— Супроць гэтага жарту я ведаю другі, які будзе роўны яму. Я вазьму дубіну і раней, як ваша міласць паспее абудзіць мой гнеў, я прымушу вас заснуць пад ударамі дубіны, што больш вы і не прачнецеся, хіба толькі на тым свеце, дзе ведаюць, што я не такі чалавек, які дазволіў-бы, каб чыя-небудзь рука гуляла па маім твары. З гэтай прычыны лепш кожнаму з нас сціхамірыць свой гнеў, бо чужой душы ніхто не ведае, а хто ідзе стрыгчы, здараецца, сам абстрыжаным вяртаецца, таму што кошка, праследваемая, цкаваная і раздражнёная, ператвараецца ў льва, а я, будучы чалавекам, чорт ведае ў што магу ператварыцца. Такім чынам,