Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/321

Гэта старонка не была вычытаная

на тое, чаму ты не паверыш. Хутчэй, сын, і запомні, што можа зрабіць магія, на што здольны чараўнікі і ведзьмакі!

Санчо падбег і, убачыўшы твар бакалаўра, пачаў тысячу разоў хрысціцца. Між тым Караско не падаваў знаку жыцця, і Санчо сказаў Дон-Кіхоту:

— Вам, сён’ёр мой, без далейшых разваг варта глыбей засадзіць меч у рот гэтаму нібыта Сансону Караско. Можа вы заб’еце такім чынам каго-небудзь з вашых ворагаў-чараўнікоў.

— Напэўна гэта праўда: чым менш ворагаў, тым лепш! — сказаў Дон-Кіхот і падняў ужо меч, каб выканаць параду Санчо. Але ў гэты момант да іх падбег зброеносец рыцара Люстраў, ужо без носа, так пакрывіўшага яго выгляд, і гучна крыкнуў:

— Падумайце пра тое, што вы робіце, сен’ёр Дон-Кіхот. Той, хто ляжыць ля вашых ног, сапраўды бакалаўр Сансон Караско, ваш сябра, а я — яго зброеносец.

— А нос? — здзіўлена запытаў Санчо.

— Ён у мяне ў кішэні, — адказаў той і, сунуўшы руку ў правую кішэню, дастаў адтуль лакіраваны маскарадны нос з папкі. Калі Санчо бліжэй падышоў да зброеносца, ён гучна крыкнуў:

— Хто-ж гэта такі, ці не Томе Сесіял, мой сусед і кум?

— Ну, вядома, — адказаў зброеносец. — Я — Томе Сесіял, кум і сябра Санчо Панса. Зараз я раскажу вам пра тайны і хітрасці, у выніку якіх я трапіў сюды, а покуль угаварыце вашага пана, каб ён не забіваў рыцара Люстраў.

Між тым рыцар Люстраў апамятаўся. Калі Дон-Кіхот убачыў гэта, ён прыставіў да твара яго лязо мяча і сказаў:

— Вы памрэце, рыцар, калі не прызнаеце, што прыгожасць непараўнальнай Дульсінеі Табоскай куды вышэй за прыгожасць вашай Касільдэі дэ-Вандалія. Звыш таго вы павінны, — калі захаваеце жыццё пасля гэтай бойкі і падання, — абяцаць мне накіравацца ў горад Табосо і прадставіцца там ад майго імя сен’ёры Дульсінеі, каб яна мела вас у сваім распараджэнні, дакуль ёй захочацца. Калі-ж