Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/323

Гэта старонка не была вычытаная

прывяла да аднадушнага рашэння: не супярэчыць выезду Дон-Кіхота, бо ўтрымаць яго дома было немажліва. Але бакалаўр павінен быў паехаць услед за ім у выглядзе вандроўнага рыцара і пачаць з ім бойку. Недастачы ў прычынах для выкліку яго не магло быць, а перамагчы Дон-Кіхота здавалася вельмі лёгкай задачай. Перад бойкай яны павінны былі ўмовіцца, каб переможаны падначаліўся поўнасцю волі пераможцы. Перамогшы Дон-Кіхота, рыцар-бакалаўр парашыў патрабаваць, каб ён вярнуўся дахаты і не пакідаў яе, прынамсі, на працягу двух год, Караско ўзяўся за гэта, а яго зброеносцам згадзіўся быць Томе Сесіял, кум і сусед Санчо, чалавек вясёлы і разумная галава. Сансон узброіўся, а Томе Сесіял прымайстраваў сабе фальшывы нос, каб Санчо не апазнаў яго, калі яны сустрэнуцца. Яны паехалі па той-жа дарозе, як і Дон-Кіхот.

Сустрэча з ім адбылася ў лесе, дзе і здарылася тое, што ўважлівы чытач прачытаў ўжо. Дзякуючы дзіўным фантазіям Дон-Кіхота, уявіўшага сабе, што бакалаўр — не бакалаўр, сен’ёр Караско мог назаўсёды пазбавіцца мажлівасці атрымаць ступень лісенсіята ў выніку таго, што ён не знайшоў і гнёздаў там, дзе думаў знайсці птушак. Томе Сесіял, убачыўшы, да якога дурнога канца прывяло іх падарожжа, сказаў бакалаўру:

— Зразумела, сен’ёр Караско, мы атрымалі тое, што заслужылі. Дон-Кіхот — вар’ят, мы — у цвярозым розуме; ён паехаў непашкоджаны і смеючыся, а ваша міласць асталася пабітай і сумнай. Пытаюся, хто большы вар’ят: ці той, хто з’яўляецца такім мімаволі, ці той, хто зрабіўся ім па сваёй ахвоце.

— Розніца між гэтымі вар’ятамі, — злосна і разважліва зазначыў Сансон, — тая, што вар’ят міжвольны астанецца ім назаўсёды, а стаўшы вар’ятам сваявольным, перастане ім быць, як толькі захоча.

— Калі гэта так, дык я быў вар’ятам сваявольным, калі прапанаваў зрабіцца зброеносцам вашай міласці, а цяпер па сваёй-жа добрай волі хочу перастаць ім быць і вярнуцца дахаты