Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/324

Гэта старонка не была вычытаная

— Рабіце, як ведаеце, — адказаў Сансон, — але я не вярнуся дахаты, пакуль не памалачу палкай Дон-Кіхота. Цяпер я ўжо не так хачу вярнуць яму страчаны розум, як адпомсціць, бо моцны боль у рэбрах не дазваляе мне захапляцца больш жаласнымі думкамі.

Нарэшце абодва яны даехалі да мястэчка, дзе, на шчасце, знайшоўся костапраў, які і ўзяўся за лячэнне няшчаснага Сансона. Томе Сесіял вярнуўся дахаты, а бакалаўр пачаў выдумляць, што-б зрабіць, каб адпомсціць Дон-Кіхоту. У свой час аўтар вернецца да яго, цяпер-жа ён не можа не паследваць за Дон-Кіхотам, каб пазабавіцца з ім.


РАЗДЗЕЛ XVI
Пра тое, што здарылася з Дон-Кіхотам і адным разважлівым кабальеро Ламанчы

Здаволены, радасны і святкуючы перамогу, працягваў Дон-Кіхот сваё падарожжа. Дзякуючы апошняй сваёй перамозе, ён лічыў сябе самым харобрым рыцарам на свеце. Чараўніцтва і чараўнікоў ён ужо не баяўся, а пра бязлікія палачныя ўдары, атрыманыя ім ў час яго рыцарства, ён ужо запамятаў.

Калі-б ён знайшоў сродак зняць чары са сваёй сен’ёры Дульсінеі, дык ён быў-бы самым шчаслівым з усіх вандроўных рыцараў. Ехаў ён увесь ахоплены гэтымі марамі, калі Санчо сказаў яму:

— Ці не дзіўна, сен’ёр, што ў мяне ўсё яшчэ да гэтага часу перад вачыма пачварны нос Томе Сесіяла?

— Можа ты, Санчо, думаеш, што рыцар Люстраў быў сапраўды бакалаўр Караско, а яго зброеносец — твой кум Томе Сесіял?

— Не ведаю, што вам адказаць на гэта, але тыя весткі, якія ён мне паведаміў пра маю жонку і дзяцей, ніхто, апрача яго, не мог паведаміць. А твар яго, калі ён скінуў свой нос, быў акурат тварам Томе Сесіяла, і голас быў таксама зусім яго голасам.