Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/325

Гэта старонка не была вычытаная

— Але ў такім выпадку чаму бакалаўр Караско з’явіўся вандроўным рыцарам, узброены, каб пачаць са мною бойку? Ці быў я калі-небудзь яму ворагам? Або я супраціўнік яму?

— Але калі гэта чараўніцтва, — сказаў Санчо, — дык хіба не было на свеце другіх двух людзей, на якіх гаты рыцар і яго зброеносец маглі быць падобнымі?

— Усё гэта хітрасць злых чараўнікоў, праследуючых мяне. Убачыўшы, што я буду пераможцам у бойцы, яны надалі пераможанаму рыцару выгляд майго сябра бакалаўра, каб ён стаў між лязом майго мяча і сілай маёй рукі. У доказ гэтага ўспомні, Санчо, як чараўнікам лёгка ператварыць адну асобу у другую, робячы з прыгожага пачварнае. Яшчэ няма двух дзён, як ты сваімі вачыма бачыў прыгожасць і пекнасць непараўнальнай Дульсінеі ва ўсёй яе дасканаласці; я-ж бачыў яе толькі ў вобразе пачварнай, бруднай і грубай вясковай дзяўчыны з гнойнымі вачыма і дурным пахам з рота. Важна толькі тое, што ўрэшце-решт, пад якім-бы там ні было выглядам, я астаўся пераможцам майго ворага.

Хаця Санчо ведаў, што ператварэнне Дульсінеі было яго хітрасцю, і довады пана з гэтай прычыны не вельмі пераканалі яго, але ён не захацеў супярэчыць.

У гэты час іх дагнаў чалавек, які ехаў за імі па той-жа дарозе вярхом на кабыле. На ім быў плашч з тонкага зялёнага сукна, абшыты чырвона-бурым мошастам, а на галаве ў яго была машастовая шапачка такога-ж колеру.

Калі падарожнік пад’ехаў да Дон-Кіхота і Санчо, ён ветліва пакланіўся ім і праехаў было міма, але Дон-Кіхот сказаў яму:

— Сен’ёр франт, калі міласць ваша едзе па той-жа дарозе, як і мы, і калі вам не трэба спяшацца, я палічыў-бы за асалоду паехаць разам.

Падарожнік стрымаў каня, здзіўляючыся з фігуры і твара Дон-Кіхота. Покуль коннік у зялёным плашчы ўважліва разглядаў Дон-Кіхота, апошні з яшчэ большай увагай разглядаў незнаёмца, які здаўся яму чалавекам шаноўным