Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/327

Гэта старонка не была вычытаная

— Але хто-ж можа сумнявацца ў гэтым?!

— Я сумняваюся, але пакінем гэта покуль. Калі наша сумеснае падарожжа працягнецца, спадзяюся пераканаць вашу міласць, як дрэнна вы робіце, лічачы гэтыя гісторыі выдуманымі.

Зялёны Плашч падумаў, ці не вар’ят сустрэты ім рыцар, і чакаў, ці не пацвердзяць другія адзнакі гэтую думку. Між тым Дон-Кіхот папрасіў яго сказаць, хто ён, на што Зялёны Плашч адказаў:

— Я, сен’ёр рыцар, родам з аднаго мястэчка, дзе мы з вамі сёння папалуднуем. Мае сродкі — досыць значныя; імя маë — дон Дыего дэ-Міранда. Я праводжу жыццё сваё разам з маёй жонкай і сябрамі маімі; займаюся паляваннем і рыбнай лоуляй, але не трымаю ні сокала, ні борзых сабак, а толькі прыманную курапатку або афрыканскага тхара. Я маю каля шасці тузін кніг, але рыцарскія кнігі ніколі не пераступалі парога майго дома. Я сам не люблю нікога ганьбіць і не дазваляю другім рабіць гэта ў маёй прысутнасці; ніколі не імкнуся выведаць, як жывуць другія, і не дапытваюся пра справы старонніх; дзялюся сваім дастаткам з беднымі, не хвастаючы добрымі справамі.

Санчо вельмі ўважліва слухаў паведамленне пра жыццё Зялёнага Плашча, а Дон-Кіхот запытаў сустрэтага ідальго, колькі ў яго дзяцей, дадаўшы, што старажытныя філосафы лічылі вышэйшым шчасцем мець прыродныя таленты, мець многа сяброў і многа добрых дзяцей.

— У мяне, сен’ёр Дон-Кіхот, — адказаў ідальго, — усяго толькі адзін сын, але калі-б яго не было, можа я лічыў-бы сябе шчаслівейшым; і не таму, што ён дрэнны, а таму, што ён не такі добры, як я хацеў-бы. Яму восемнаццаць год, з якіх шэсць ён правёў у Саламанцы, вывучаючы грэцкую і латынскую мовы. Пасля гэтага ён так захапіўся паэзіяй, што я ніяк не магу прымусіць яго звярнуцца да вывучэння права. Цэлыя дні сын мой праводзіць, разважаючы, добра або дрэнна сказаў Гамер у якім-небудзь вершы ў „Іліядзе“; ці быў Марцыл непрыстойным, ці не ў якой-небудзь эпі-