Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/330

Гэта старонка не была вычытаная

На гэта Санчо адказаў з вялікім спакоем і штучным прытворствам:

— Калі гэта тварог, дайце мне яго, ваша міласць, і я яго з’ем; але лепш няхай есць яго д’ябал, які, напэўна, туды яго паклаў. Няўжо я адважыўся-б забрудзіць шлём вашай міласці?! Клянуся чэсцю, сен’ёр, я ўпэўнены, што і мяне праследуюць чараўнікі за прыналежнасць да вашай міласці. Яны, напэўна, паклалі гэтую брыдоту, каб ваша цярплівасць ператварылася ў гнеў, і вы, па звычаю, пакамечылі мне бакі. Але я веру цвярозай развазе майго пана, які прыме пад увагу, што ў мяне не было тварагу. Калі-б ён быў, я хутчэй паклаў-бы яго сабе ў страўнік, як у шлём.

Ідальго ў зялёным плашчы ўсё гэта бачыў і яшчэ больш здзівіўся, калі Дон-Кіхот, добра выцершы сабе галаву і твар, зноў надзеў шлём і, узяўшы кап’ё, сказаў:

— Усё мажліва, але цяпер я зноў гатовы харобра змагацца хоць з самым д’яблам.

У гэты час да іх пад’ехаў фургон, у якім быў толькі вознік і яшчэ адзін чалавек.

Дон-Кіхот загарадзіў дарогу фургону і сказаў:

— Куды вы едзеце, браты? Што гэта за фургон? Што вы вязеце ў ім і што гэта за сцягі такія?

— Фургон мой, — адказаў вознік, — вязу я ў ім у клетцы двух дужых львоў, якіх генерал з Орана пасылае ў сталіцу ў падарунак яго вялікасці: сцягі гэтыя каралеўскія і абазначаюць, што вязуць яго дабро.

— Львы вялікія? — запытаў Дон-Кіхот.

— Самыя вялікія, якіх калі-небудзь прывозілі з Афрыкі ў Іспанію. Тут самец і самка: самец у пярэдняй клетцы, а самка ў задняй. Яны галодныя, бо сёння яшчэ нічога не елі; з гэтай прычыны, няхай міласць ваша дасць нам дарогу.

— Што мне львы? Не такі я чалавек, каб спалохацца львоў! Злазьце-ка, добры чалавек, адчыніце клеткі і выпусціце адтуль гэтых звяроў. Тут, сярод гэтага поля, я пакажу ім, хто такі Дон-Кіхот Ламанчскі, на зло чараўнікам, паслаўшым іх мне.