Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/332

Гэта старонка не была вычытаная

— Усе вы, прысутныя тут, будзеце сведкамі, што толькі па прымусу я адчыняю клеткі. Я заяўляю гэтаму сен’ёру: усе няшчасці і страты, якія дзікія звяры могуць зрабіць, будуць пастаўлены на яго рахунак. А вы, сен’ёры, схавайцеся ў бяспечнае месца. Мне львы не зробяць зла.

Ідальго яшчэ раз паспрабаваў угаварыць Дон-Кіхота не рабіць такога шалёнага ўчынку, але рыцар Сумнага Вобразу весела адказаў:

— Цяпер, сен’ёр, ваша міласць, якая вельмі баіцца, прышпорце сваю шэрую ў яблыках кабылу і едзьце ў бяспечнае месца.

Пачуўшы гэта, Санчо са слязмі на вачах пачаў упрашаць Дон-Кіхота адмовіцца ад такой справы, у параўнанні з якой прыгода з ветранымі млынамі і ўсе ўчынкі, зробленыя ім, былі толькі салодкім тортам і пернікамі, але Дон-Кіхот спакойна адказаў:

— Схавайся, Санчо, і пакінь мяне. Калі-б я памёр тут, ты ведаеш нашу ранейшую ўмову: накіруйся да Дульсінеі — больш нічога не скажу табе.

Убачыўшы, што далейшыя ўгаворы нічога не дадуць, Зялёны Плашч прышпорыў кабылу, Санчо — Шэрага, вознік — сваіх мулаў. Усе яны як мага далей ад’ехалі ад фургона. Санчо аплакваў смерць свайго сен’ёра: ён быў упэўнены, што яму не мінуць кіпцюроў льва.

Покуль усе яны спешна ўцякалі, Дон-Кіхот разважаў, ці не будзе лепш павесці бойку пехатою. Нарэшцё ён парашыў змагацца пехатою, баючыся, каб Расінантэ не спудзіўся, убачыўшы львоў. Ён саскочыў з каня, узяў кап’ё і прадзеў на руку шчыт. Падняўшы меч, з дзіўнай адвагай і з сэрцам, ахопленым мужнасцю, ён падышоў павольным крокам да воза, даручаючы усю душу сваёй Дульсінеі.

Калі вартаўнік львоў убачыў, што яму не ўдасца ўнікнуць неабходнасці выпусціць з клеткі льва-самца, ён расчыніў першую клетку.

Леў павярнуўся ў клетцы і працягнуў лапу. Потым ён увесь выцягнуўся, раскрыў зяпу, зяхнуў не спяшаючыся і,