Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/337

Гэта старонка не была вычытаная

„Да гэтага часу, — думаў пра сябе Ларэнсо, — я яшчэ не магу лічыць яго вар’ятам. Паглядзім, што будзе далей,“ — і ён уголас сказаў:

— Як відаць, ваша міласць наведвала вышэйшыя школы. Якую-ж вы вывучалі навуку?

— Навуку вандроўнага рыцарства. Яна такая-ж добрая, як паэзія, і нават на два дзюймы лепш за яе.

— Што гэта за навука?

— Яна ўключае ў сябе большасць навук, існуючых на свеце. Вандроўнвы рыцар павінен быць юрыстам і ведаць законы, каб за кожным прызнаць тое, што яму падабае. Ён павінен быць доктарам, каб у пустынях вылечваць раны, бо вандроўны рыцар не можа на кожным кроку шукаць, хто перавязаў-бы іх яму. Ён павінен быць і астролагам, каб па зорах апазнаваць уначы, якая гадзіна і ў якім клімаце ён знаходзіцца. Ён павінен ведаць матэматыку, умець падкоўваць коні і ладзіць сядло і збрую. Апрача таго, ён павінен захоўваць вернасць сваёй даме, быць чыстым у думках, велікадушным ва ўчынках, цярплівым у працы, і нарэшце ён павінен быць змагаром за праўду. З усіх гэтых якасцей ствараецца добры вандроўны рыцар.

Тут гутарка іхняя была спынена, бо іх паклікалі абедаць. Дон Дыего запытаў сына, якое ў яго ўражанне адносна становішча розуму іхняга гасця, на што сын адказаў:

— Усе дактары і знаўцы не выведуць яго з туману яго вар’яцтва, але ён вар’ят светлы.

Чатыры дні прабыў Дон-Кіхот у доме дона Дыего. Пасля гэтага часу, выказаўшы дону Дыего вялікую ўдзячнасць за радушны пачастунак, ён прасіў дазволу паехаць, бо вандроўнаму рыцару не падыходзіць праводзіць доўгія гадзіны ў гультайстве і раскошы.

Прышоў, нарэшце, дзень ад’езду рыцара. Развітваючыся, Дон-Кіхот сказаў Ларэнсо:

— Каб вы хацелі скараціць шлях да вяршыні храма славы, вы павінны былі-б пакінуць вузкую сцежку паэзіі і