Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/341

Гэта старонка не была вычытаная

пра тое, чым на наступны дзень пракарміць сябе самаго і сваю маленькую бедную сям’ю. Цябе не трывожыць ганарлівасць, не стамляе сумятлівая пышнасць свету, бо мяжа тваіх жаданняў знаходзіцца не далей клопатаў пра твайго асла.

На ўсё гэта Санчо нічога не адказаў, бо ён яшчэ спаў.

Ён не прачнуўся-б так хутка, калі-б Дон-Кіхот не раскатурхаў яго сваім кап’ём. Нарэшце ён прачнуўся і сказаў:

— З таго зялёнага звода чуецца, калі не памыляюся, пах, падобны да смажанае скібкі копчанага мяса. Вяселле, якое пачынаецца такімі пахамі, павінна быць пышным і багатым.

— Хопіць, абжора, падымайся, пойдзем на вяселле і паглядзім, што зробіць пакінуты Басіліё.

— Няхай робіць, што хоча, — сказаў Санчо. — Не быў-бы ён бедным, ажаніўся-б з Кітэрыяй. Не мець за душой ні граша і хацець ажаніцца вышэй хмар! Сумленна кажучы, сен’ёр, на мой погляд, беднаму варта-б здаволіцца тым, што ён можа атрымаць, і не шукаць ласункаў на дне мора. Вельмі дурная была-б Кітэрыя, калі-б адмовілася ад убораў і каштоўнасцей, якія Камачо ёй даў і можа даць, каб перад усім гэтым аддаць перавагу прыродным талентам Басіліё. Здольнасці і таленты, якія нельга ператварыць у грошы, нічога не каштуюць. На добрым падмурку можна пабудаваць і добры будынак, а самая лепшая аснова і падмурак у свеце — гэта грошы.

— Імем сен’ёры Дульсінеі прашу цябе, Санчо, спыні сваё шматслоўе. Мне здаецца, калі-б ты мог працягваць балбатню, якую ты на кожным кроку пачынаеш, у цябе не аставалася-б часу ні есці, ні спаць.

— Калі-б у вашай міласці была добрая памяць, — засупярэчыў Санчо, — вы-б не забылі аднаго з пунктаў нашай умовы, паводле якога вы дазволілі мне гаварыць усё, што я хачу, толькі-б я не гаварыў нічога супроць павагі да вашай міласці. Да гэтага часу я, здаецца, нічым не парушаў гэтага пункту!

— Я не памятаю, Санчо, падобнага пункту, але цяпер