Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/342

Гэта старонка не была вычытаная

я хачу, каб ты змоўк. Ты паслухай: гукі інструментаў пачынаюць зноў ажыўляць лагчыну. Відаць, шлюб адбудзецца ў ранішняй прохаладзі, а не ў пасляабедзенай спякоце.

Санчо зрабіў тое, што яму загадаў яго пан. Абодва яны селі вярхом і ціха паехалі да альтанкі з дрэў. Першае, што кінулася ў вочы Санчо, быў цэлы бык у агні, пад якім палала вялікая гара дроў. Шэсць гліняных гаршкоў, стаяўшых вакол агню, былі поўныя мяса. Зайцам і абскубаным курам, вісеўшым на дрэвах і чакаючым чаргі быць пахаванымі ў гаршках, не было ліку. Санчо налічыў больш за шэсцьдзесят бурдзюкоў з віном. Астатняй правізіі ён і лік згубіў. Да ўсяго, што ён убачыў, Санчо адчуваў шчырую пяшчоту. Не маючы сілы цярпець далей, ён падышоў да аднаго з пяцідзесяці кухараў і ветлівымі словамі, у якіх адчуваўся голад, папрасіў у яго дазволу абмакнуць скібку хлеба ў адзін з волатаў-гаршкоў.

— Брат, — адказаў яму на гэта кухар, — сёнешні дзень дзякуючы Камачо — не з тых, над якімі мае ўладу голад. Паглядзіце, ці няма паблізу чарпака, і здыміце сабе адну або дзве курыцы. Між іншым, пачакайце. — І сказаўшы гэта, кухар схапіў кацялок, апусціў яго ў адзін з гліняных волатаў, выцягнуў адтуль трох курэй і двух гусей і перадаў іх Санчо са словамі:

— Ежце, сябра, покуль не прыдзе час абеда.

Покуль Санчо быў заняты такім чынам, Дон-Кіхот убачыў, як у агарожу ўехала каля дванаццаці сялян. Усе гэтыя коннікі, па-святочнаму апранутыя, праехалі па лузе стройным натоўпам з радаснымі крыкамі:

— Няхай жыве Кітэрыя і Камачо! Ён настолькі-ж багаты, як яна прыгожая, а яна прыгажэй за ўсіх на свеце!

Пачуўшы гэта, Дон-Кіхот падумаў:

„Зразумела, гэтыя людзі не бачылі мае Дульсінеі Табоскай: каб яны яе бачылі, то былі-б больш асцярожнымі ў пахвалах гэтай сваёй Кітэрыі“.

Хутка з розных бакоў пачалі ўваходзіць шматлікія групы танцораў, у тым ліку і група са шпагамі, якая складалася