Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/344

Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, што-ж, дрэнна прапаведуе той, хто дрэнна жыве, — адказаў Санчо.

— Але я не магу зразумець, якім чынам ты ведаеш столькі розных рэчаў?

— Клапаціцеся, міласць ваша, пра сваё рыцарства, — спыніў яго Санчо, — і не гаварыце пра здольнасці другіх людзей. Лепш дайце мне, міласць ваша, справіцца з гэтай вось курыцай, а ўсё астатняе ў жыцці — толькі гультайскія словы.

Сказаўшы гэта, ён зрабіў новы напад на свой кацялок з такой прагнасцю, што абудзіў яе і ў Дон-Кіхота. Ён, вядома, памог-бы яму ў гэтым, калі-б не перашкодзіла тое, пра што неабходна расказаць далей.


РАЗДЗЕЛ XX,
у якім працягваецца апавяданне пра вяселле Камачо і пра іншыя прыемныя падзеі

У гэты час пачуліся гучныя крыкі, абвясціўшыя набліжэнне жаніха і нявесты з усёй іхняй раднёй. Усе яны былі ў святочных уборах. Калі Санчо ўбачыў нявесту, ён сказаў:

— Сумленна кажучы, апранута яна не як сялянка, а як пекная прыдворная дама. Калі я не памыляюся, на яе шыі багатыя каралы, а ўся яна ў мошасце і атласе. Яе рукі ўпрыгожаны залатымі пярсцёнкамі з чорнага янтара, апраўленымі ў пэрлы бялейшыя за тварог, з якіх кожная пэрла павінна каштаваць зрэнку вока. О, мілая дзяўчына, якія валасы ў цябе, — калі толькі яны не накладныя, — за ўсё сваё жыццё не бачыў я такіх даўгіх і светлазалацістых. А яе выгляд, яе рост! Мімаволі параўнаеш яе з рухомай пальмай, абвешанай фінікамі, бо на іх вельмі падобны каштоўнасці, якімі ўпрыгожаны яе валасы і шыя. Клянуся душой маёй, гэта герой-дзяўчына!

Дон-Кіхот засмяяўся з пахвал Санчо, але і яму здалося, што, за выключэннем сен’ёры сваёй Дульсінеі Табоскай, ён яшчэ ніколі не бачыў такой красуні. Прыгожая Кітэрыя была бледная, напэўна, у выніку бяссоннай ночы, якую заўсёды праводзяць нявесты, рыхтуючыся да вяселля.