Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/348

Гэта старонка не была вычытаная

Усе прысутныя былі здзіўлены, а некаторыя з іх пачалі ўголас крычаць: „Цуд, цуд!“

Але Басіліё адказаў:

— Не цуд, а хітрасць!

Здзіўлены поп падбег, каб абодвума рукамі абмацаць рану Басіліё. Шпага прайшла не цераз цела, а цераз выдзяўбленую жалезную трубку, напоўненую крывёй і вельмі ўдала прыстасаваную да грудзей.

Кроў была так прыгатавана, як потым даведаліся, што яна не скручвалася.

Адным словам, поп, Камачо і ўсе прысутныя ўбачылі, што яны ашуканы і абдураны. Нявеста-ж не выказала ніякага нездавальнення, наадварот, пачуўшы, што зроблены шляхам ашуканства шлюб не можа лічыцца сапраўдным, яна сказала, што пацвярджае яго зноў. Адсюль усе зрабілі вывад, што камедыя была разыграна са згоды і ведама абодвух.

Гэта прывяло ў такую ярасць Камачо і яго сяброў, што яны парашылі адразу-ж адпомсціць Басіліё і, падняўшы мячы, кінуліся на яго, але ў абарону яго паднялася амаль столькі-ж другіх мячоў, а Дон-Кіхот вярхом на Расінантэ з паднятым кап’ём апынуўся наперадзе ўсіх, прымусіўшы даць сабе дарогу. Санчо (яму такія справы ніколі не падабаліся і не давалі здавальнення) шукаў надзейнай мясцінкі сярод волатаў-гаршкоў, з якіх ён зняў такую прыемную пену. Ён лічыў гэтае месца свяшчэнным, перад якім усе павінны адчуваць павагу.

Дон-Кіхот крычаў гучным голасам:

— Спыніцеся, сен’ёры! Несправядліва помсціць за крыўды, якія каханне робіць нам! Каханне і вайна — гэта адно і тое-ж: падобна таму, як на вайне прынята выкарыстоўваць ваенную хітрасць, каб перамагчы ворага, і ў любоўных сутычках дапускаюцца хітрасці і ашуканства, калі толькі гэта не робіцца ганебным для прадмета кахання. Кітэрыя належала Басіліё, а Басіліё — Кітэрыі. Камачо багаты і можа купіць сабе асалоду, калі, дзе і як захоча. У Басіліё-ж адна толькі