Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/351

Гэта старонка не была вычытаная

няма такой рэчы, дзе-б ён не клюнуў і куды-б не апусціў свае лыжкі“.

Тры дні правялі яны ў маладажонаў, а на чацверты Дон-Кіхот папрасіў Басіліё знайсці яму правадніка, які правёў-бы яго ў пячору Мантэсінос. Рыцар хацеў пераканацца, ці праўду гавораць адносна цудаў, схаваных у гэтай пячоры.

Басіліё сказаў, што дасць яму ў праваднікі свайго стрыечнага брата, вядомага вучонага і вялікага аматара рыцарскіх кніг, з якім можна весці вельмі прыемныя гутаркі.

Стрыечны брат з’явіўся вярхом на асліцы. Санчо асядлаў Расінантэ, закілзаў свайго Шэрага, і, развітаўшыся з усімі, яны накіраваліся ў дарогу ў напрамку да славутай пячоры.

Дарогай Дон-Кіхот запытаў стрыечнага брата, якога роду яго прафесія.

Той адказаў, што па прафесіі ён — гуманіст, а яго занятак — складанне кніг для друку. Усе яны прыносяць вялікую карысць і не менш забавы дзяржаве. Адна з гэтых кніг мае назву: „Кніга ўбораў“ — у ёй ён апісвае семсот тры ўборы, і з яе прыдворныя рыцары могуць выбіраць у час урачыстасцей і святаў усё, што ім спадабаецца.

— Ёсць у мяне яшчэ кніга, — закончыў ён, — якую я назваў „Дадатак да Віргілія Палідора“[1], дзе ідзе гутарка пра вынаходніцтвы; тут мноства вучонасці і працы, бо вельмі сурёзныя рэчы, якія прапусціў Палідор, я тлумачу прыгожым складам. Віргілій запамятаў, напрыклад, паведаміць нам, хто першы на свеце атрымаў катар, а я гэта тлумачыў вельмі дакладна і пацвярджаю спасылкамі на дваццаць пяць аўтароў.

Санчо, які вельмі ўважліва слухаў апавяданні стрыечнага брата, запытаў яго:

— Вось што, сен’ёр, ці не можаце вы мне сказаць напэўна, вы гэта ведаеце, таму што вы ўсё ведаеце, — хто першы на свеце пачухаў сабе галаву?

  1. Палідор Віргілій — італьянскі вучоны XVI стагоддзя.