Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/353

Гэта старонка не была вычытаная

дзе вы будзеце падобны да бутэлькі, якую спускаюць у калодзеж, каб яе ахаладзіць. Да таго-ж не вас тычыцца і не справа вашай міласці даследваць тое, што павінна быць горш за падземную турму.

— Вяжы і маўчы, — адхазаў Дон-Кіхот, — бо такая справа, як гэтая, сябра Санчо, была прызначана для мяне.

Тады праваднік сказаў:

— Упрашаю вашу міласць, глядзіце добра і даследуйце ўсё, што сустрэнецца ў пячоры. Можа там знойдуцца такія рэчы, што я іх змяшчу ў якую-небудзь з маіх кніг.

— Не бойцеся: бубен знаходзіцца ў руках добрага барабаншчыка, — сказаў Санчо.

Калі скончылі абвязваць Дон-Кіхота, ён сказаў:

— О, уладарка маіх дзеянняў, непараўнальная і святлейшая Дульсінея Табоская, імем нечуванай прыгожасці тваёй упрашаю цябе не адмовіць мне ў прыхільнасці і дапамозе тваёй. Я збіраюся рынуцца ў бяздонне і гэтым давесці, што няма немажлівага, за якое-б я не ўзяўся і не давёў да канца.

Пасля гэтых слоў Санчо і стрыечны брат адпусцілі вяроўку і пачалі спускаць рыцара ў страшэнную пячору. Калі ён пачаў спускацца, Санчо, паслаўшы яму блаславенне, сказаў:

— Хай кіруе табой непараўнальная Дульсінея, гонар, смятана і пенкі вандроўных рыцараў! Вось ты і спушчаешся, самахвал свету, сталёвае сэрца, мядзяныя рукі! Вярніся непашкоджаным да жыцця, якое ты пакідаеш, каб пахаваць сябе ў цемры, якую ты шукаеш.

Спускаючыся, Дон-Кіхот гучна крычаў, каб яны больш і больш давалі яму вяроўкі. Калі крыкі яго, якія чуліся з пячоры, нібыта з трубы, змоўклі, усе сто сажняў вяроўкі былі ўжо спушчаны. Яны падумалі тады, што варта-б падняць угару Дон-Кіхота, бо нельга ўжо спускаць яго ніжэй. Але ўсё-такі яны пачакалі каля поўгадзіны, пасля чаго пачалі цягнуць назад вяроўку вельмі лёгка і без ніякага цяжару, адзнака таго, што Дон-Кіхот астаўся на дне пячоры. Санчо горка плакаў і цягнуў вяроўку з вялікай паспешнасцю, каб даведацца, ці жыў яго пан. Але калі яны выцягнулі ўжо