Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/356

Гэта старонка не была вычытаная

Дурандартэ перад смерцю. Ён адказаў мне, што ўсё гэта правільна, за выключэннем кінжала, бо гэта быў не кінжал, а ручны стылет, вастрэйшы за шыла. Потым шаноўны Мантэсінос павёў мяне ў крышталёвы палац, дзе стаяла мармуровая грабніца надзвычайна мастацкай работы. На грабніцы ляжаў рыцар, распасцерты на ўвесь рост, не з бронзы, мармура або яшмы, а з сапраўднага мяса і касцей. Правая рука ляжала ў яго на сэрцы. Мантэсінос, убачыўшы здзіўленне маё, сказаў:

„Гэта — мой сябра Дурандартэ, гонар і люстра закаханых і харобрых рыцараў свайго часу. Яго трымае тут зачараваным, як мяне і многіх рыцараў, сен’ёр Мерлін, французскі чараўнік. Пра гэтага Мерліна гавораць, што ён быў сынам д’ябла, але я думаю, што ён ім не быў, а ведаў крыху больш, як д’ябал. Як і чаму ён нас зачараваў, нікому невядома, і ён адкрые гэта, калі прыдзе час, — а прыдзе ён, як мне здаецца, ужо хутка. Здзіўлены я вось чым: Дурандартэ памёр у мяне на руках і, калі ён апошні раз уздыхнуў, я сваімі рукамі выняў у яго з грудзей яго сэрца. Не гледзячы, аднак, на тое, што рыцар гэты сапраўды памёр, ён да гэтага часу скардзіцца і час ад часу ўздыхае, як жывы“.

Калі Мантэсінос сказаў гэта, няшчасны Дурандартэ гучным голасам усклікнуў:

„О, кузен мой Мантэсінос! Калі я памру, прашу вас — выньце з грудзей маіх сэрца і занясіце яго Белерме“.

Пачуўшы гэта, шаноўны Мантэсінос стаў на калені перад няшчасным і са слязмі на вачах сказаў:

„Даўно ўжо, сен’ёр Дурандартэ, выканаў я тое, што вы мне загадалі ў няшчасны дзень вашай пагібелі: я выняў у вас сэрца, не пакінуўшы ніякай часткі яго ў вашых грудзях. Я выцер яго вышыванай хусткай і паехаў з ім у Францыю, перад гэтым схаваўшы вас у нетрах зямлі з такім мноствам слёз, што іх хапіла-б памыць мне рукі і змыць з іх кроў, якой яны пакрыліся, калі я капаўся ў вашых вантробах. У першым-жа мястэчку, куды я прыехаў, я пасыпаў соллю ваша сэрца, каб яно не пахла дрэнна, і калі