Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/357

Гэта старонка не была вычытаная

не свежае, дык, прынамсі, хоць сухое з’явілася яно перад вачыма сен’ёры Белермы, якую разам з вамі, са мной, з вашым зброеносцам Гадыянам, дуэн’яй Руідэрай і многімі іншымі з вашых сяброў трымае тут доўгія гады зачараванымі мудры Мерлін. Хаця прайшло ўжо больш пяцісот год, але ніхто з нас яшчэ не памёр, за выключэннем Руідэры, яе дачкі і пляменніц, так дужа плакаўшых, што з жаласці да іх Мерлін ператварыў іх у лагуны. Гадыян, ваш зброеносец, быў ператвораны ў раку, названую яго імем. Калі яна вышла на паверхню зямлі, ёю авалодала вялікае гора, бо яна адыходзіла ад вас, і з гэтай прычыны яна зноў апусцілася ў нетры зямлі. Пра ўсё гэта, о, стрыечны мой брат, я казаў вам ужо многа разоў, але вы ніколі нічога не адказалі мне. І я баюся, што цяпер вы не верыце мне або не чуеце мяне. Некаторую навіну хачу я вам цяпер паведаміць: тут перад вамі той вялікі рыцар, пра якога мудры Мерлін толькі прарочыў. Перад вамі Дон-Кіхот Ламанчскі, які ўваскрасіў ужо забытае ў цяперашні час вандроўнае рыцарства. Можа з яго дапамогаю з нас будуць зняты чары, бо вялікія ўчынкі прызначаны для вялікіх людзей“.

„Калі-б гэта і не было так, — адказаў варты жаласці Дурандартэ, — я скажу: цярплівасць і ператасуйце карты“ — і, павярнуўшыся на другі бок, ён вярнуўся да сваёй звычайнай маўклівасці, не кажучы больш ні слова.

У гэты час пачуўся гучны плач. Я павярнуў галаву і скрозь крышталёвыя сцены ўбачыў, як па другой зале праходзіла працэсія, якая складалася з двух шарэнг прыгожых маладых дзяўчат, апранутых у траур. У канцы працэсіі ішла дама, таксама апранутая ў чорнае, з белай вуаллю, такой шырокай і даўгой, што яна цалавала зямлю. У руках яна трымала тонкую палатняную хусцінку, а ў ёй — наколькі я мог разглядзець — падобнае да муміі сэрца — так яно высахла і зморшчылася. Гэта была Белерма. Сен’ёр Мантэсінос сказаў мне: чатыры дні ў тыдзень яна са сваімі дзяўчатамі наладжвае такія працэсіі, і яны спяваюць або, дакладней кажучы, плачуць хаўтурныя песні над трупам і над няшча-